У Польшчы затрымалі беларусаў за незаконную дапамогу замежнікам у атрыманні ДНЖ
Затрыманне злачыннай групы / strazgraniczna.pl
У Польшчы злачынная група дапамагала замежнікам атрымліваць дазволы на часовае жыхарства ў краіне на падставе фіктыўных пацверджанняў грошай. Памежная служба Польшчы паведамляе пра затрыманне сямі чалавек, у тым ліку беларусаў. Акрамя нашых суайчыннікаў у групу ўваходзілі грамадзяне Украіны, Грузіі і Германіі.
Паводле звестак следства, зламыснікі займаліся афармленнем фальшывых дакументаў для замежнікаў з 2022 па 2025 год. Схема была простая. Удзельнікі групы часова пераводзілі грошы на рахунак кліента. Той атрымліваў у банку даведку аб стане рахунку, якую падаваў у якасці доказу наяўнасці сродкаў. Пасля гэтага грошы здымалі з рахунку ці пераводзілі на рахунак іншага кліента.
"Такім чынам, адны і тыя ж сродкі шматкроць выкарыстоўваліся для стварэння бачнасці фінансавай забяспечанасці розных замежнікаў", — адзначаюць памежнікі.
За свае паслугі ўдзельнікі групы бралі ад 200 да 800 злотых (45-180 еўра). Як мяркуюць памежнікі, кліентамі групы паспелі пабываць тры тысячы замежнікаў — пераважна гэта замежныя студэнты. Сярод іх былі грамадзяне Беларусі, Турцыі, Казахстана, Узбекістана, Індыі, Нігерыі, пар, Марока, Алжыра, Егіпта, Зімбабвэ, Ганы, Кеніі, Эфіопіі, Пакістана, Інданезіі, Мазамбіка, Таджыкістана і Руанды.
Падчас ператрусаў у затрыманых канфіскавалі вялікую колькасць дакументаў, а таксама каля 40 тысяч злотых (9 тысяч еўра). Двух падазраваных узялі пад часовы арышт, астатніх пакінулі на волі.