У НАТА занепакоеныя магчымым выхадам Францыі з альянсу пасля выбараў прэзідэнта

Францыя — адзіная ядзерная дзяржава ў Еўрасаюзе

Францыя — адзіная ядзерная дзяржава ў Еўрасаюзе / NATO

У НАТА баяцца, што новы прэзідэнт Францыі, які будзе абраны ў 2027 годзе, можа нанесці сур'ёзную шкоду альянсу — аж да выхаду краіны з блока або з яго аб'яднанага ваеннага камандавання. Пра гэта піша Politico са спасылкай на крыніцы ў альянсе.

Выданне адзначае, што страта Францыі — адзінай ядзернай дзяржавы ў Еўрасаюзе — стане сур'ёзным ударам для альянсу: пад пытаннем апынецца французская ваенная прысутнасць у Румыніі і Эстоніі, ускладніцца доступ да ключавых узбраенняў, аслабне каардынацыя паміж 32 краінамі-членамі НАТА.

Цяпер амаль палова французскіх выбарцаў падтрымлівае кандыдатаў, якія выступаюць супраць членства ў НАТА.

Сярод іх — лідар «Нацыянальнага аб'яднання» Марын Ле Пен, якая мае намер вывесці Францыю з аб'яднанага камандавання альянсу.

Прадстаўнік крайне левых сіл Жан-Люк Меланшон таксама заяўляе аб неабходнасці поўнага выхаду з блока.

Такая пазіцыя набірае папулярнасць на фоне нявызначанасці вакол абаронных абавязацельстваў ЗША перад Еўропай і падрыхтоўкі НАТА да магчымага канфлікту з Расіяй.

Адзін з дыпламатаў НАТА на ўмовах ананімнасці прызнаўся, што "баіцца гэтых выбараў", дадаўшы: "Страціць Францыю было б жудасна".

Іншы суразмоўца Politico адзначыў, што ў выпадку выхаду Францыі і аслаблення ролі ЗША лідзіруючую пазіцыю ў еўрапейскай частцы альянсу будзе вымушана заняць Германія.

Ле Пен у канцы мая 2026 года заявіла аб неабходнасці выхаду Францыі з аб'яднанага камандавання НАТА. Яна таксама сцвярджала, што Парыжу ў выніку давядзецца аднавіць дыялог з Расіяй.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.