У мяне няма жадання, каб Лэдзі Гага выказвалася пра Беларусь — адмін фан-супольнасці
Фан-супольнасць Лэдзі Гагі / pitchfork.com
Адмін фан-супольнасці Лэдзі Гагі, які правёў два з паловай гады ў беларускай турме, пакінуў Беларусь. Сваё першае інтэв'ю ён даў выданню pitchfork.com.
Як паведамлялася раней, адмінам папулярнай фан-супольнасці выявіўся беларускі палітвязень, асуджаны за ўдзел у пратэстах. "Я проста выйшаў са сцягам і пайшоў. Гэта быў звычайны пратэст, як вы, хлопцы, робіце ў Амерыцы кожны дзень", — кажа Кірыл Нгуен.
Беларус кажа, што заснаваў супольнасць Gaga Daily, калі яму было 14 гадоў. Тады ён пабачыў на YouTube Лэдзі Гагу, якая выконвала песню "Just Dance" — і зрабіў сайт для яе фанатаў. Працаваў ён над сайтам адзін, хаця падпісваў так, быццам гэта была цэлая каманда. З развіццём сацсетак супольнасць фанатаў перайшла туды.
Кірыл кажа, што адну з новых песень Лэдзі Гагі ён пачуў ужо за кратамі:
"Abracadabra выйшла ў лютым 25-га, але па радыё яна дайшла крыху пазней. Я ведаў, што Гага выпусціла новую песню, і я ведаў яе назву, бо некаторыя мае сябры напісалі мне пра яе ў лісце. Потым аднойчы яна выйшла, і я адразу зразумеў: я пазнаў голас, пазнаў рытм. Я не буду занадта рамантызаваць гэта, бо ў мяне былі іншыя справы, пра якія трэба турбавацца, але я быў узрушаны. Мяне асяніла, што ўпершыню за, можа, 20 гадоў я чуў песню, не ведаючы, што пра яе думаюць людзі".
Ён адзначыў, што ў беларускім радыёэфіры (у тым ліку ў месцах зняволення) нярэдка гучаць выканаўцы нетрадыцыйнй арыентацыі, хаця ўлады насаджаюць у грамадстве гамафобію: "Ва ўсіх гэтых славянскіх краінах, дзе да ЛГБТ ставяцца так варожа, плэйлісты насамрэч выглядаюць прыкладна так: уявіце, што я ў турме, ем турэмную ежу, а кожны дзень чую "Rush" Троя Сівана [адкрыты гей-музыка]. Працую на цяжкіх работах і чую "Alone" Кім Пэтрас і Нікі Мінаж [Пэтрас — вядомая трансгендерная спявачка]".
Рэдакцыя pitchfork.com спыталася, ці не хацеў бы Кірыл, каб лэдзі Гага выказалася пра сітуацыю ў Беларусі.
"Не, у мяне няма ніякіх пажаданняў наконт таго, пра што Гага павінна ці не павінна гаварыць", — адказаў ён. Малады чалавек падкрэсліў, што яго больш цікавіць, як будзе гучаць наступны альбом спявачкі.