У Мінску затрымалі падазронага ў нападзе на ювелірную краму

Стоп-кадр з камеры назірання ў краме

Стоп-кадр з камеры назірання ў краме / @pressmvd

У МУС Беларусі адсправаздачыліся аб раскрыцці нападу на ювелірную краму ў Мінску, які адбыўся 21 жніўня на праспекце Незалежнасці, 155.

Па даных ведамства, злачынец у медыцынскай масцы, пагражаючы прадметам, падобным на пісталет, завалодаў ювелірнымі вырабамі і схаваўся з месца злачынства.

Пасля спрацавання “трывожнай кнопкі” інфармацыя аб здарэнні і апісанне падазронага былі перададзены патрульным нарадам, а супрацоўнікі службы відэаназірання ГУУС суправаджалі вышуковыя мерапрыемствы ў рэжыме рэальнага часу.

На працягу сутак асобу нападаўшага ўстанавілі — ім аказаўся 34-гадовы жыхар Мінска, які спрабаваў пакінуць краіну разам з выкрадзенымі ўпрыгожаннямі. Падазронага затрымалі супрацоўнікі крымінальнага вышуку пры падтрымцы байцоў спецпадраздзялення па барацьбе з тэрарызмам “Алмаз”.

Следчыя ўзбудзілі крымінальную справу па артыкуле аб рабаванні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.