У Латвіі праходзяць парламенцкія выбары

Чарга на ўчастак

Чарга на ўчастак / delfi.lv

У суботу, 3 кастрычніка, у Латвіі праходзяць выбары ў Сейм. На 100 дэпутацкіх мандатаў прэтэндуюць 1428 кандыдатаў з 14 партыйных спісаў.

У Сейм праходзяць партыйныя спісы, якія набіраюць больш за 5% галасоў.

Як адзначае ББС, за ўсю гісторыю незалежнасці Латвіі ніводная партыя не атрымлівала больш за 35% галасоў. Таму пасля выбараў палітычным сілам даводзіцца дамаўляцца паміж сабой і фармаваць кіроўную кааліцыю.

У папярэднія пяць дзён, з 28 верасня да 2 кастрычніка ўключна, свае галасы на захоўванне перадалі (фактычна, прагаласавалі датэрмінова) 174 517 выбаршчыкаў. Гэта 11,2% ад іх агульнай колькасці.

Паводле звестак Цэнтральнай выбарчай камісіі, у 2026 годзе права голасу маюць больш за 1,55 мільёна грамадзян Латвіі.

У краіны існуе асобная катэгорыя неграмадзян, якія не маюць права ўдзельнічаць у парламенцкіх выбарах. На пачатак 2026 года, іх налічвалася амаль 160 тысяч чалавек, палова з якіх жыве ў Рызе.

Гэта людзі, якія прыехалі ў Латвію з іншых рэспублік былога СССР пасля 1940 года, а таксама іх нашчадкі. Большасць неграмадзян мае магчымасць здаць экзамен і атрымаць латвійскае грамадзянства. У параўнанні з першымі гадамі незалежнасці іх колькасць скарацілася ў некалькі разоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.