У Беларусі пракаментавалі работы на пляцоўцы пад будучы радыяцыйны могільнік

Міхаіл Кісель

Міхаіл Кісель / ctv.by

У Беларусі прызналі, што на пляцоўцы ў Мсціслаўскім раёне, выбранай пад могільнік для радыеактыўных адходаў, пачаліся работы. Але гэта, нібыта, планавыя меліярацыйныя работы. Пра гэта пасля публікацый у недзяржаўных СМІ заявіў дырэктар Беларускай арганізацыі па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі (БелРАА) Міхаіл Кісель, заўважыла выданне "Флагшток".

Фармальна ўчастак для будучай пляцоўкі яшчэ не абраны: працягваюцца грамадскія абмеркаванні праекта. Аднак на пляцоўцы ў мсціслаўскім раёне вядуцца актыўныя работы.

Кіраўнік БелРАА заявіў, быццам усе тры пляцоўкі разглядаюцца як раўназначныя. А работы на мсціслаўскай пляцоўцы назваў планавымі меліярацыйнымі:

"Калі ў 2024-2025 гадах пачыналіся першыя пытанні, пляцоўка ў Мсціславе адрознівалася тым, што ў яе слабыя грунты. Падчас выпадзення атмасферных ападкаў там не маглі прайсці нават паўнапрывадныя грузавікі. Зараз у Мсціславе мясцовыя прадпрыемствы вядуць меліярацыйныя работы".

Для чаго спатрэбіліся такія работы акурат падчас разгляду будаўніцтва могільніка, Кісель не патлумачыў.

Ён заявіў, што на мсціслаўскай і хойніцкай пляцоўках даследчая праца ўжо скончаная, а ў Астраўцы даследчыя работы яшчэ працягваюцца. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.