Пачобут плануе вярнуцца ў Беларусь пасля паездкі ў ЗША
Анджэй Пачобут / фота з яго старонкі на Фэйсбуку
Пасля паездкі ў ЗША экс-палітвязень Анджэй Пачобут плануе вярнуцца ў Беларусь. Там ён будзе пісаць кнігу. Пра гэта паведамляе "Белсат" са спасылкай на TVP.
"Вядома, што я пішу кнігу і буду працаваць над ёй, і на гэтым я сканцэнтруюся пасля вяртання са Злучаных Штатаў. Гэта фактычна цяпер самая важная справа, якую я хачу зрабіць", — заявіў Пачобут.
У кнізе ён плануе рсказаць гісторыю свайго зняволення: "Рэч у тым, што нават самае доўгае інтэрв’ю не дазваляе расказаць усё, што было на працягу гэтых пяці гадоў, а кніга з’яўляецца такой формай, якая якраз дазваляе гэта зрабіць".
Пачобут прызнаецца, што ў ягонай сям'і да намеру вярнуцца ў Беларусь паставіліся без энтузіязму, але прынялі: "Гэта натуральна, што ніхто не хоча, каб блізкі чалавек апынуўся ў сітуацыі пагрозы. Але я хачу толькі нагадаць, што ў Беларусі ў такой сітуацыі знаходзяцца сотні тысяч палякаў і ўсе дзеячы Саюзу палякаў, якія па-ранейшаму вядуць дзейнасць у Беларусі. Таму гэтая мая сітуацыя, гэтае маё вяртанне зусім не з’яўляецца чымсьці такім выключным".
Экс-палітвязень не ведае, як да яго паставяцца лукашэнкаўскія ўлады і ці пусцяць яго на радзіму. Ён дадаў, што сітуацыя дынамічная, таму хутчэй за ўсё чыноўнікі ў Беларусі і самі цяпер не ведаюць, як будуць паводзіцца.
Пачобут згадаў нядаўняе вызваленне 25 палітвязняў і дадаў, што рэальных палітычных зняволеных значна больш, чым ёсць на ўліку ў праваабаронцаў. (На сёння, па звестках праваабарончага цэнтру "Вясна", гаворка ідзе пра 886 чалавек са статусам палітвязняў). Сваякі многіх зняволеных асцерагаюцца паведамляць пра іх праваабаронцам, таму людзі атрымліваюць статус "былога палітзняволенага" па выхадзе на волю.