У Беларусі, магчыма, пачалося будаўніцтва радыеактыўнага могільніка — СМІ
Геалагічныя пошукі ў сакавіку 2026 года ў Мсціслаўскім раёне / БелРАО
У Беларусі, магчыма, пачалося будаўніцтва могільніка радыеактыўных адходаў на адной з раней разгляданых пляцовак. Паведамленне пра пачатак будаўнічых работ атрымала выданне "Флагшток".
Гаворка ідзе пра пляцоўку ў Мсціслаўскім раёне Магілёўскай вобласці. Паводле звестак выдання, там пачаліся работы па стварэнні катлавана для радыеактыўных адходаў.
Журналісты з дапамогай сэрвісу касмічных здымкаў Sentinel параўналі, як на працягу апошняга года змяніліся анансаваныя месцы забудовы і іх наваколлі. На пляцоўцы ў Хойніцкім раёне змены былі найменшыя: высечка лесу выглядае як звычайная дзейнасць лясгасу. На пляцоўцы ў Астравецкім раёне таксама ёсць высечка лесу і вядуцца земляныя работы каля часовага месца захоўвання пяску. Здымкі не дазваляюць зрабіць выснову наконт характару работ.
Найбольшую колькасць зменаў заўважылі ў Мсціслаўскім раёне. Работы там пачаліся ў верасні 2025-га і працягваюцца дагэтуль. На тэрыторыі пляцоўкі быў засыпаны кіламетровы ручай. Тэрыторыя была цалкам ачышчаная ад расліннасці і, імаверна, ад урадлівага пласта зямлі на ўчастку 3,4 кв. км. На частцы тэрыторыі былі часткова нівеляваныя западзіны. Журналісты адзначаюць, што гэта беспрэцэдэнтныя па маштабе работы па выраўноўванню паверхні зямлі.
"Растлумачыць такія маштабныя і дарагія земляныя работы на тэрыторыі больш за тры квадратныя кіламетры немагчыма патрэбамі сельскай гаспадаркі і так званым уцягваннем у абарот невыкарыстоўваных зямель", — адзначаюць у "Флагштоку". Таксама ў выданні звяртаюць увагу, што адпаведныя дзяржзакупкі ў Мсціслаўскім раёне не праводзіліся.
"Флагшток" падкрэслівае, што работы вядуцца патаемна ад грамадзян Беларусі і выклікаюць шэраг пытанняў:
Чаму спатрэбілася пачынаць работы ў таямніцы ад грамадзян Беларусі ў абыход вызначаных працэдур?
Ці нельга было першапачаткова выбраць стабільную аснову?
Ці надзейная такая аснова ў перспектыве соцень гадоў?
Колькі каштуюць такія работы?