Трамп хоча, каб Украіна не атакавала расійскія НПЗ
Уладзімір Зяленскі і Дональд Трамп / McNamee/Getty Images
Дональд Трамп просіць Уладзіміра Зяленскага больш не атакаваць расійскія НПЗ.
Паводле прэзідэнта ЗША, менавіта ўдарамі па паліўнай інфраструктуры ў Расіі — а не баявымі дзеяннямі ў Іране — выкліканы рост коштаў на дызельнае паліва па ўсім свеце і, у прыватнасці, у ЗША.
"Паліва ідзе з Расіі, а расійскія заводы трапляюць пад удар з боку Украіны. Я прасіў прэзідэнта Зяленскага не наносіць удары па заводах, якія вырабляюць дызельнае паліва, па нафтаперапрацоўчых прадпрыемствах, — кажа Трамп. — Рост коштаў на дызельнае паліва выкліканы тым, што яго цяжка вывозіць з Расіі, і гэта шкодзіць усяму свету. Гэта трэба спыніць".
Пытанне коштаў на паліва ў ЗША балючае для Трампа. Падчас сваёй выбарчай кампаніі ён вінаваціў папярэдняга прэзідэнта Джо Байдэна ў тым, што той не змог стрымаць цэны на заправачных станцыях. А цяпер паліва заўважна падаражэла ўжо ў часы самога Трампа.
У лістападзе ў ЗША адбудуцца прамежкавыя выбары ў Кангрэс. Рост коштаў на паліва можа выйсці рэспубліканцам бокам.