Сабаленка прабачылася за словы пра ўкраінцаў — але яе ўсё роўна ўнеслі ў базу "Міратворца"
Арына Сабаленка / Getty Images via AFP
Арына Сабаленка прабачылася за абразлівыя словы пра ўкраінцаў. Але яе ўсё роўна дадалі ў базу "Міратворца".
У пятніцу на выніковым турніры WTA беларуская тэнісістка гуляла супраць украінкі Эліны Світолінай. Матч складаўся няўдала, і ў пэўны момант Сабаленка не стрымала эмоцый. Словы ў трансляцыю не трапілі, але па яе вуснах заўзятары прачыталі нешта накшталт: "Гэтая *баная ўкраінская с*ка, у дупу яе!".
Пачаўся скандал. Гучаць заклікі адхіліць другую ракетку свету ад спорту. За распальванне міжнацыянальнай варажнечы яе дадалі ў базу праекта "Міратворац".
Але беларуска сцвярджае, што не мела нічога асабістага ў адносінах да саперніцы. А вылаялася з іншай нагоды. "Мяне раззлавала невялікая група гледачоў, якія агрэсіўна радаваліся маім памылкам, і ў той момант я эмацыйна адрэагавала. Я мусіла даць рады свайму раздражненню інакш, і я прыношу прабачэнні ўсім, каго магла пакрыўдзіць.
Эліна правяла выдатны матч, і я жадаю ёй усяго найлепшага ў астатняй частцы турніру", — напісала Сабаленка ў сацсетках.
Дарэчы, пасля матчу Світоліна не стала паціскаць ёй руку. Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання ўкраінка пайшла на прынцып і не абменьваецца поціскамі рукі з расійскімі і беларускімі саперніцамі.