Разбурэнне Керчанскага маста — удар па лагістыцы. Пра вызваленне Крыма размовы пакуль няма

Украіна робіць усё, каб было немагчыма выкарыстоўваць Крым у якасці лагістычнага вузла Расіі

Украіна робіць усё, каб было немагчыма выкарыстоўваць Крым у якасці лагістычнага вузла Расіі / Скриншот видео

— Удар па Керчанскім мосце найперш накіраваны на тое, каб пазбавіць Крым лагістыкі. Гаворка ідзе пра лагістычную ізаляцыю не толькі самога паўвострава, але і групоўкі войскаў — так званай групоўкі войскаў “Абарона Крыма”, — лічыць вайсковы эксперт Аляксандр Каваленка.

У каментары для Еўрарадыё ён падзяліўся сваім меркаванне наконт разбурэння моста і наступстваў гэтага для ходу вайны ва Украіне.

Эксперт дадае, што сур’ёзныя пашкоджанні моста ўскладняць пастаўкі для групоўкі войскаў “Днепр”, размешчанай у Херсонскай і Запарожскай абласцях. Таксама скароцяцца пастаўкі ў Крым дронаў-камікадзэ, з дапамогай якіх ажыццяўляліся і дагэтуль ажыццяўляюцца налёты на поўдзень Украіны: Адэскую вобласць, Адэсу, Мікалаеў, Мікалаеўскую вобласць, правабярэжную частку Херсоншчыны.

— Гаворка не ідзе пра тое, што пачалася нейкая контрнаступальная аперацыя па вызваленні Крыма. Не, гэта, хутчэй, адзін з этапаў стварэння ўмоў для аслаблення праціўніка ў паўднёвай аперацыйнай зоне, — падкрэслівае эксперт.

Каваленка нагадвае, што цяпер Украіна маштабуе лагістычны лакдаўн, які “пераразае трасу М14 і не дазваляе ажыццяўляць хуткае, своечасовае і дастатковае лагістычнае забеспячэнне войскаў у Запарожскай і Херсонскай абласцях”.

Але ж пакуль няма мэты вызваліць Крым, лічыць эксперт.

— У перспектыве максімальнае знясіленне Крыма, безумоўна, калісьці будзе выкарыстана менавіта для таго, каб вызваліць сам паўвостраў. Але пакуль гэта толькі пачатковы элемент будучай аперацыі. І нельга казаць, што ўжо цяпер існуюць адпаведныя перадумовы для яе правядзення, — кажа Каваленка.

Суразмоўца падкрэслівае і знешнепалітычны фактар удару па Керчынскім мосце.

— Тут ёсць таксама пэўныя палітычныя і рэпутацыйныя аспекты, якія былі выкарыстаны напярэдадні візіту Пуціна ў Кітай і сустрэчы з Сі Цзіньпінам і Дональдам Трампам.

Адпаведна, Пуцін адправіўся на гэтую сустрэчу прыніжаным, што істотна ўплывае на яго пазіцыю. Ён не зможа ставіць ультыматумы і сцвярджаць, што ў яго ўсё ідзе строга паводле плана, — лічыць Аляксандр Каваленка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.