Расія ўвосень можа зноў атакаваць Украіну з беларускай тэрыторыі — Статкевіч
Мікалай Статкевіч
Пасля выбарчай парламенцкай кампаніі ў верасні Расія на фронце можа актывізавацца і зноў атакаваць Украіну з беларускай тэрыторыі. Такі прагноз апублікаваў у сваім тэлеграм-канале Мікалай Статкевіч.
Ён звяртае ўвагу на паведамленні пра тое, што ў Беларусі каля мяжы з Украінай вядзецца інтэнсіўнае будаўніцтва ваеннай інфраструктуры.
"З улікам гэтага можна прагназаваць, што Масква плануе накіраваць частку сваіх войскаў на нашу тэрыторыю, каб зноў паспрабаваць атакаваць Украіну з поўначы і, як мінімум, адцягнуць яе вайсковыя сілы з іншых на "Беларускі" фронт. А таксама, паспрабаваць паўтарыць прарыў 2022 года на Кіеў".
На думку Статкевіча, такі прарыў у цяперашніх умовах мае мала шанцаў на поспех. Затое з тэрыторыі Беларусі расіяне здолеюць наносіць па Украіне масавыя дакладныя паветраныя ўдары дронамі і ракетамі.
"Украінскія войскі ў адказ пачнуць наносіць масавыя ўдары па расійскіх ваенных камунікацыях, тэхніцы, складах, пунктах кіравання, месцах дыслакацыі ў населеных пунктах. Пад ударамі апынуцца нашы дарогі, масты, гарады, ваенныя і нафтахімічныя прадпрыемствы. Асабліва ў паласе дасяжнасці найбольш дзейсных зараз украінскіх дронаў сярэдняй дальнасці Hornet са штучным інтэлектам — 150 кіламетраў ад украінскай мяжы. У гэтай паласе знаходзяцца Гомель, Брэст, Мазыр, Пінск і шмат менш буйных гарадоў і мястэчак. Калі ж расійцы пачнуць зноў наносіць ўдары па аб'ектам энэргетыкі Украіны, як гэта ўжо было мінулай зімой, але і з нашай тэрыторыі, то мы атрымаем "люстэркавы" адказ — дальнабойныя ўдары па нашых аналагічных аб'ектах па ўсёй тэрыторыі Беларусі", — перасцерагае палітык.
Яшчэ адной пагрозай ён бачыць знаходжанне чужых войскаў у Беларусі падчас вайны: "Салдаты, якія ведаюць, што іх чакае смерць сярод палескіх балотаў, і якія хочуць напаследак "гульнуць". І якія ўпэўнены, што ўсё мясцовае насельніцтва павінна за "абарону ад "укранацыстаў" выконваць іх любыя жаданні. Тым болей, што ім нічога дадатковага не пагражае за забойствы, рабаванні, згвалтаванні "мясцовых". Бо, калі справа і дойдзе да суда, што сумнеўна, то з яго яны адправяцца не ў турму, а, зноў жа, на фронт".
Статкевіч мяркуе, што вывесці расійскія войскі з тэрыторыі Беларусі будзе складана "нават пасля замірэння паміж Расіяй і Украінай". Беларусь, на яго думку, можа стаць кампенсацыяй расіянам, якія не здолелі захапіць Украіну.