Расія нанесла ракетна-дронавы ўдар па Кіеве, Крывым Рогу і Харкаве
Наступствы атакі Расіі на Кіеў 26 ліпеня / Суспільне Новини
Расійскія войскі ў ноч на 26 ліпеня нанеслі камбінаваны ўдар па некалькіх украінскіх гарадах, выкарыстаўшы ракеты і беспілотнікі. У Кіеве пашкоджанні зафіксавалі ў Шаўчэнкаўскім, Саломенскім і Деснянскім раёнах.
Паводле інфармацыі мэра сталіцы Віталя Клічко, у выніку атакі пацярпелі тры чалавекі: аднаго даставілі ў бальніцу, яшчэ двум медыцынскую дапамогу аказалі на месцы. У Шаўчэнкаўскім раёне абломкі выклікалі пажар у 18-павярховым жылым доме, у Саломенскім загарэлася тэрыторыя нежылой забудовы, а ў Деснянскім успыхнулі аўтамабілі і паркоўка.
Пад удар таксама трапіў Харкаў. Як паведаміў мэр горада Ігар Церахаў, у Слабодскім раёне беспілотнік ударыў па гарадской тэрыторыі, у выніку чаго загінуў адзін чалавек, яшчэ як мінімум шэсць атрымалі раненні. Сярод пацярпелых — двое дзяцей. Акрамя таго, выбухі прагрымелі ў Крывым Рогу. Мясцовыя тэлеграм-каналы распаўсюдзілі відэа, на якіх, як сцвярджаецца, зафіксавана трапленне дрона “Шахед” у будаўнічы гіпермаркет “Эпіцэнтр”.
Паводле звестак Паветраных сіл УСУ, падчас атакі Расія выкарыстала кіраваную авіяцыйную ракету Х-59/69, сем балістычных ракет “Іскандэр-М” і С-400, а таксама больш за сотню ўдарных беспілотнікаў. У сваю чаргу, Міністэрства абароны Расіі заявіла, што мэтамі ўдару сталі ўкраінскае прадпрыемства “Смарт інтэліджэнт сістэм”, якое, паводле сцвярджэння ведамства, займаецца вытворчасцю беспілотнікаў, а таксама аб’ект, дзе нібыта ажыццяўляліся зборка і захоўванне дронаў на паўднёвым захадзе Кіева.