Шэсць краін заявілі аб адмове гуляць супраць Расіі на чэмпіянаце свету па хакеі

Шырыцца рэакцыя на рашэнне Спартыўнага арбітражнага суда дапусціць Расію да чэмпіянату свету

Шырыцца рэакцыя на рашэнне Спартыўнага арбітражнага суда дапусціць Расію да чэмпіянату свету / Reuters

Нацыянальныя хакейныя федэрацыі Фінляндыі, Нарвегіі, Даніі і Швецыі паведамілі, што іх зборныя не будуць гуляць супраць Расіі на чэмпіянаце свету 2027 года. Латвія і Чэхія таксама пацвердзілі, што не правядуць матчаў з расійскай камандай.

Рашэнне паўночных федэрацый стала адказам на пастанову Спартыўнага арбітражнага суда (CAS), які абавязаў Міжнародную федэрацыю хакею (IIHF) забяспечыць Расіі ўдзел у турніры. Чэмпіянат пройдзе ў маі 2027 года ў Германіі. Расія не ўдзельнічае ў турнірах IIHF з 2022 года.

Старшыня Фінскай хакейнай асацыяцыі Хейкі Хіетанен пацвердзіў рашэнне ў інтэрв'ю MTV Urheilu. Па яго словах, асацыяцыя далучылася да кааліцыі краін, якія хочуць паўплываць на IIHF.

"Мы імкнёмся сфарміраваць адзіны фронт, таму што разам мы мацнейшыя", — сказаў ён.

На пытанне аб магчымым байкатаванні чэмпіянату Хіетанен адказаў, што ніводзін з варыянтаў не выключаны, але федэрацыя хоча "байкатаваць Расію", а не турнір.

Нарвежская федэрацыя паведаміла IIHF, што зборная не выйдзе на матч з Расіяй, астатнія гульні турніру яна праводзіць па раскладзе. У федэрацыі назвалі прычынамі абарону спартсменаў і магчымую пагрозу бяспецы каманды, паведамляе Reuters. 

Шесть стран заявили об отказе играть против России на чемпионате мира по хоккею

Дацкі хакейны саюз таксама паведаміў IIHF аб сваім рашэнні. Шведская федэрацыя паведаміла, што рашэнне прынята пасля абмеркаванняў з краінамі Паўночнай Еўропы.

Латвійская хакейная федэрацыя заявіла, што яе пазіцыя з 2022 года не змянілася: зборныя краіны не гуляюць супраць каманд Расіі і Беларусі, пакуль працягваецца агрэсія ва Украіне.

Дзяржаўны савет па спорце Фінляндыі пастанавіў, што федэрацыі з дзяржаўным фінансаваннем і іх зборныя не павінны выступаць супраць Расіі.

Кампанія Nokian Renkaat паведаміла, што адмовіцца ад спонсарства чэмпіянату 2027 года, калі ў ім возьме ўдзел Расія. Раней пра адмову ад спонсарства турніру заявіла шведская кампанія AJ Produkter, якая пачынаючы з 1989 года была партнёрам чэмпіянату. І чэшскі букмекер Tipsport.

Горад Турку заявіў, што адмовіцца прымаць маладзёжны чэмпіянат свету 2027–2028 гадоў пры ўдзеле расійскай каманды.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.