Правакацыю з вялікай колькасцю ахвяр рыхтавала РФ на мяжы з Польшчай — СМІ

Вайсковец, ілюстрацыйнае фота

Вайсковец, ілюстрацыйнае фота

У Калінінградскай вобласц на мяжы з Польшчай расійскія спецслужбы рыхтавалі правакацыю з вялікай колькасцю ахвяр. Пра гэта піша польскае выданне Rzeczpospolita са спасылкай на дасведчаных высокапастаўленых службовых асоб, звязаных з сілавымі структурамі.

Адзін з іх расказаў журналістам: "Мы мелі інфармацыю пра канкрэтныя аб’екты, дзе меў адбыцца напад. Расіяне разлічвалі на вялікую колькасць ахвяраў".

Віну за гэта расійскія спецслужбы планавалі ўскласці на Украіну: "Вядома, тых, хто перасёк бы мяжу, хутчэй за ўсё, застрэлілі б або пры іх знайшлі б доказы таго, што яны былі з Украіны. Мэтай было спыніць дапамогу Украіне".

Паведамляецца, што польскі бок заўважыў на расійскім баку мяжы афіцэраў спецслужбаў, якія спецыялізуюцца на такіх дыверсіях. Гэта супрацоўнікі замежнай вайсковай расійскай разведкі. Пасля гэтага польскі бок прыняў контрмеры.

На пачатку лістапада Польшча паведамла, што перакідвае да мяжы з Калінінградскай вобласцю дадатковыя падраздзяленні сілавых ведамстваў. Афіцыйная Варшава заявіла, што атрымала папярэджанне ад вайсковай разведкі, а таксама ад саюзных спецслужбаў пра магчымыя дыверсіі на мяжы.

Адказваючы на пытанне журналістаў, ці рыхтавалі расіяне тэракт на аб'екце з вялікай колькасцю людзей, міністр-каардынатар польскіх спецслужбаў Томаш Сямоняк сказаў:

"Я не ведаю адказу на такое пытанне, бо пра гэта трэба было б пытаць у расіян. А яны звычайна не прызнаюцца ў планаванні такіх дзеянняў. Нават калі ў нас ёсць такая інфармацыя, то мы не дзелімся ёю".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.