На расійскім баку з 2022 года на вайне загінулі каля 490 беларусаў
Войска, ілюстрацыйнае фота
У вайне супраць Украіны на расійскім баку з 2022 па 2026 год загінулі 487 беларусаў. Гэта вынікае з расійскіх статыстычных даных, якія вывучыла "Бюро" сумесна з Беларускім расследавальніцкім цэнтрам (БРЦ).
Інфармацыю яны атрымалі ад хактывісцкіх групаў "Кіберпартызаны" і Silent Crow, якія ўзламалі Федэральную службу дзяржаўнай статыстыкі Расіі (Расстат) і спампавалі базу даных запісаў пра смерці з загсаў.
Журналісты выбралі з гэтай базы людзей з беларускім грамадзянствам і адрасам пражывання, якія загінулі ў прыфрантавых раёнах і падчас ваенных дзеянняў.
Найбольшая колькасць грамадзян Беларусі, як заўважылі журналісты, загінула ў 2025 годзе — 319 чалавек. Найчасцей нашыя суайчыннікі гінулі ў так званых ДНР і ЛНР.
Украінскі праект "Хочу жить" публікаваў спіс з 314 імёнаў грамадзян Беларусі, якія загінулі на фронце, ваюючы супраць Украіны. Больш за 60 з іх супалі з расійскімі данымі. Аднак ва ўкраінскім спісе ёсць і беларусы, якія не згадваюцца ў расійскіх даных.