На пятніцу ў Беларусі абвясцілі аранжавы ўзровень небяспекі, а на суботу — чырвоны
Лета / lookby.media
У пятніцу, 31 ліпеня, у Беларусі чакаецца невялікая воблачнасць, паведамляе Белгідрамет.
Ападкі не прагназуюцца. Вецер уначы будзе няўстойлівы, удзень — паўднёвы слабы.
Уначы тэрмометры пакажуць ад +10 градусаў па ўсходзе да +18 па захадзе. Удзень чакаецца 26-32 градусы цяпла, па паўднёвым захадзе будзе да 34 градусаў вышэй за нуль, па Брэсцкай вобласці месцамі — да +35 градусаў. Сіноптыкі абвясцілі аранжавы ўзровень небяспекі.
А ў першы дзень жніўня прагназуецца пераменная воблачнасць. Уначы ў асобных раёнах па паўночным захадзе, зранку і ўдзень пераважна па паўночна-заходняй палове краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. У асобных раёнах прагрымяць навальніцы, удзень па поўначы месцамі чакаюцца моцныя дажджы. Вецер будзе паўднёвай чвэрці ўмераны, месцамі — парывісты, днём пры навальніцах — моцны парывісты.
Тэрмометры ўначы пакажуць 12-19 градусаў вышэй за нуль, па захадзе будзе да 21 градуса цяпла. Удзень паветра прагрэецца ад +25 градусаў па поўначы Беларусі да +37 градусаў па паўднёвым захадзе. У Мінску ўдзень будзе 30-32 градусаў са знакам "плюс". Сіноптыкі абвясцілі чырвоны ўзровень небяспекі.