На нямецкага пастаўшчыка дронаў Украіне рыхтаваўся замах — СМІ

Штэфан Туман

Штэфан Туман / BILD

Людзі, звязаныя з расійскімі спецслужбамі рыхтавалі замах на нямецкага прадпрымальніка Штэфана Тумана, піша BILD. Ягоны стартап Donaustahl пастаўляе Украіне разведвальныя і ўдарныя дроны.

Разведкай дома Тумана ў Ніжняй Баварыі займаўся ў снежні 2025-га ўкраінец Сяргей Н. Баварскія следчыя арыштавалі яго пасля сігналу ад замежнай разведвальнай службы. Аднак з увагі на недахоп доказаў мужчыну неўзабаве адпусцілі. Толькі калі следчыя прааналізавалі звесткі ягонага тэлефона, яны зразумелі, што ўкраінец сачыў не толькі за Туманам, але і за ягоным бацькам, а таксама знайшлі ўказанні на ягоныя кантакты з расійскай спецслужбай. Але на той час Н. ужо даўно пакінуў Германію.

Затрымалі ўкраінца толькі ў сакавіку, але ўжо ў Іспаніі. Пазней удалося таксама адшукаць яго меркаваную саўдзельніцу з Румыніі. Ад таго часу Туман, як пішуць нямецкія СМІ, знаходзіцца пад узмоцненай аховай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.