Мы не надзелі ружовыя акуляры і бачым Лукашэнку, якім ён ёсць — прэзідэнт Літвы

Гітанас Наўседа

Гітанас Наўседа

Хаця ЗША змякчаюць некаторыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, Літва мае яснае ўяўленне пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Пра гэта заявіў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа пасля таго, як з Беларусі былі вывезеныя 25 палітвязняў. Узамен на гэта ЗША здымаюць санкцыі з двух беларускіх прадпрыемстваў.

"Мы не надзелі ружовыя акуляры, праз якія хацелі б бачыць прыгожага Лукашэнку. Мы бачым яго такім, які ён ёсць. Што тычыцца таго, што адбываецца ў беларускай паветранай прасторы, мне здаецца, часам мы лічым, што Беларусь сама кіруе сваёй паветранай прасторай",перадае DELFI словы літоўскага прэзідэнта.

Апошнія словы хутчэй за ўсё датычылі выпадку з дронам, які днямі заляцеў у паветраную прастору Літвы і быў збіты знішчальнікамі NATO. Літоўскі бок паведаміў, што беспілотнік нёс на сабе выбухоўку.

Наўседа таксама дадаў, што Літва падтрымлівае санкцыі ЕС на экспарт беларускіх угнаенняў.

"У нас ёсць наша пазіцыя, мы яе дэкларавалі. У некаторых выпадках яна ўзгодненая з пазіцыяй ЕС. Такая ж забарона на экспарт беларускіх угнаенняў дзейнічае на ўзроўні ЕС. Яе працягнулі на 12 месяцаў, вернемся да пытання на пачатку наступнага года, калі Літва будзе старшынёй Савета ЕС", — заявіў ён.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.