Міністры замежных спраў Беларусі і Польшчы паразмаўлялі ў ААН
Радаслаў Сікорскі / pap.pl
Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі ў ААН сустрэўся з кіраўніком беларускага МЗС Максімам Рыжанковым. У іх адбылася гутарка, пра якую Сікорскі паведаміў польскім журналістам, перадае Onet.
Польскія СМІ называюць гэта прарывам у адносінах з афіцыйным Мінскам, бо стасункаў на такім узроўні паміж дзвюма краінамі на гэтым узроўні не было з 2016 года.
Сікорскі заявіў, што на мяжы Беларусі і Польшчы цяпер сітуацыя нармалізавалася дзякуючы ўзведзенаму плоту. "Ёсць вызваленне палітычных зняволеных, у тым ліку Анджэя Пачобута. Значыць, суседзям дазволена больш, у іх больш прычын спрабаваць стабілізаваць свае адносіны", — патлумачыў кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Польшчы.
Ён сказаў, што падчас сустрэчы абмяркоўвалася сітуацыя на мяжы, а таксама пытанні рэгіянальнай бяспекі, сярод іншага — каб Беларусь не дазваляла расійскім беспілотнікам і ракетам лятаць над яе тэрыторыяй.
"Гэта першая, азнаямленчая сустрэча, але праводзяцца і сустрэчы іншых ведамстваў, на іншых узроўнях. Неўзабаве мы адкрываем новы будынак пасольства ў Мінску. Тады, калі сусед хоча размарозіць і палепшыць стасункі, то Польшча заўсёды першая гатовая да згоды", — падкрэсліў Сікорскі.
Журналісты спыталіся, ці азначае гэта, што польскі ўрад прызнае легітымным рэжым Лукашэнкі. "Як дзяржава мы прызнаем іншыя дзяржавы, а не ўрады", — адказаў дыпламат.
На пытанне, ці з'яўляецца гэта нармалізацыяй стасункаў з Беларуссю, Сікорскі параўнаў сустрэчу з "пралескай, якая можа заквітнець, калі аўра будзе спрыяльнай".