Мінэканомікі падштурхоўвае беларускіх вытворцаў да працы на расійскі ВПК
Зенітна-ракетны комплекс "Бук-М3", ілюстрацыйнае фота / missilery.info
Міністэрства эканомікі разаслала ліст беларускім вытворцам, каб падштурхнуць іх да працы на расійскі ваенна-прамысловы комплекс. Адпаведны ліст аказаўся ў руках ініцыятывы былых сілавікоў BELPOL.
Ліст адрасаваны болей як сотні беларускіх арганізацый. Сярод іх — універсітэты і навуковыя інстытуты, банкі, прадпрыемствы нафтахіміі і машынабудавання, а таксама заводы, непасрэдна звязаныя з абароннай прамысловасцю.
Як падкрэсліваюць у BELPOL, гаворка ідзе не толькі аб рамонце тэхнікі або выпуску асобных дэталяў. У дакуменце разглядаюцца вытворчасць ракет для зенітных комплексаў, зборка і выпрабаванні ЗРК "Бук-М3" і "Тор-М2", лакалізацыя ваенных самалётаў сямейства Су-25, удзел у праграме знішчальніка Су-75, вытворчасць элементаў ваенных караблёў і пашырэнне супрацы з прадпрыемствамі, якія абслугоўваюць расійскае войска.
Да 22 чэрвеня 2026 года адрасаты мусілі адказаць, якія праекты іх зацікавілі, якія яшчэ ідэі супрацы яны гатовыя прапанаваць, што перашкаджае супрацы з расійскімі карпарацыямі, якія сумесныя праекты ўжо існуюць.
У BELPOL звяртаюць увагу, што ў дакуменце прапануюцца такія праекты, як стварэнне ў Беларусі вытворчасці ракет для зенітных комплексаў і саміх зенітных комплексаў, а таксама арганізацыя фінішнай зборкі і выпрабаванняў мабільных ЗРК "Бук-М3" і "Тор-М2" на шасі МЗКЦ "Волат".