Гомельцаў зранку 20 жніўня абудзілі "страшны трэск і грукат"
Гомель на досвітку 20 жніўня / фота карыстальнікаў Threads
Гомельцы ў сацсетках абмяркоўваюць здарэнне, што адбылося зранку 20 жніўня ў Цэнтральным раёне горада. Каля 5:25 жыхароў горада абудзілі вельмі гучныя гукі ў небе. Па часе гэта супадае з чарговай расійскай атакай на Кіеў.
"Разбудзіў страшны трэск і грукат", "Быў гук, нейкі дзікі трэск", "Пачуўся грукат над домам", — так гомельцы апісваюць пачутыя гукі.
Грунтуючыся на апісаннях відавочцаў, выданне "Флагшток" мяркуе, што яны чулі пралёт дрона і выбух ці пралёт знішчальніка. Другую версію агучваюць і некаторыя карыстальнікі сацсетак.
Адзначаецца, што гук не быў падобны да матора мапеда — характэрны шум БПЛА "Герань-136", які найчасцей выкарыстоўваюць расійскія войскі.
"Флагшток" прааналізаваў паведамленні ўкраінскіх маніторынгавых каналаў і паветраных сіл УСУ. Яны не паведамлялі пра выпадкі залётаў БПЛА на тэрыторыю Беларусі.
Аднак вядома, што расійскія рэактыўныя дроны ішлі ўздоўж беларуска-ўкраінскай мяжы — ад Добрушскага да Брагінскага раёнаў. Адна групаў перамяшчалася ўздоўж мяжы прыкладна з 4-й да 5-й раніцы. У гэты ж час на Кіеў і Барыспаль ляцелі ракеты з поўначы і ўсходу.