Экспарт беларускіх нафтапрадуктаў па чыгунцы амаль цалкам ідзе праз Расію

Татальная залежнасць ад Расіі

Татальная залежнасць ад Расіі / LookByMedia

У 2025 годзе беларускія прадпрыемствы і лагістычныя арганізацыі адправілі па чыгунцы 70 284 вагоны з нафтапрадуктамі агульнай масай 4,04 млн тон. За студзень-красавік 2026 года аб'ём перавозак склаў яшчэ 34 941 вагон і 2,03 млн тон — 50,1% выніку ўсяго 2025 года. Пра гэта піша Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі.

Праз расійскія парты і сеткі расійскіх чыгунак у 2025 годзе прайшло 99,3% танажу. Прамыя перавозкі ў Латвію і Літву склалі менш за 0,5% агульнага аб'ёму.

Тавараная структура перавозак заставалася пераважна паліўнай: бензіны, мазут, дызельнае і рэактыўнае паліва забяспечылі 82,7% танажу ў 2025 годзе і 83,2% — у студзені-красавіку 2026-га.

Асобна ў Супольнасці ўказалі на рэзкае скарачэнне перавозак ТАА "Лагістык Энерджы", якое звязваюць з дзелавым атачэннем бізнесмена Мікалая Вараб'я, фігуранта санкцый ЗША.

Калі ў 2024 годзе кампанія перавезла больш за 19 тыс. цыстэрн з больш чым 1,2 млн тон нафтапрадуктаў, што складала каля чвэрці адпаведных паставак з Беларусі ў Расію, то ў 2025 годзе паказчык скараціўся да 2636 вагонаў і 153 241 тоны — на 85,8% менш, чым кампанія перавезла толькі за першыя дзевяць месяцаў 2024 года.

У Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі адзначаюць, што, нягледзячы на рост паўднёвых кірункаў — Астрахані, Новарасійска і Махачкалы — расійская інфраструктура застаецца асновай усёй экспартнай схемы. 

Прамыя маршруты ў Латвію і Літву не могуць служыць ёй паўнавартаснай заменай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.