З Літвы выслалі беларусаў за працу ў кампаніі, якая махлявала са сродкамі ЕС

Літва / Литва / pexels.com

Літва, ілюстрацыйнае фота

22 грамадзян Беларусі прызналі пагрозай нацыянальнай бяспецы Літвы. Адпаведнае рашэнне прыняў Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы.

Матэрыялы па нашых суайчынніках былі перададзеныя ў Дэпартамент міграцыі. Ён ануляваў часовыя дазволы на жыхарства 22 беларусаў, іх выслалі з Літвы і забаранілі ўезд у Шэнгенскую зону на пяць гадоў.

У афіцыйным паведамленні гаворыцца, што беларусы працавалі ў кампаніі, якая ўдзельнічала ў праекце Еўрапейскага касмічнага агенцтва (EUSPA) і махлярскім чынам атрымала амаль 0,5 мільёна еўра.

На мінулым тыдні паведамлялася, што літоўскі суд па справе аб махлярстве з субсідыяй ЕС прызнаў вінаватымі бацьку і сына з Беларусі, а таксама кантраляваную імі кампанію. Яны займаліся праектам па распрацоўцы высокадакладных спадарожнікавых навігацыйных прымачоў для сельскай гаспадаркі.

Літоўскія следчыя выявілі, што фігуранты звязаныя з расійскай і беларускай ваеннай прамысловасцю. Каб атрымаць субсідыю ЕС, кампанія падала EUSPA дэкларацыю, што не трапляе пад санкцыі Еўрасаюза і не звязаная з асобамі і арганізацыямі, якія знаходзяцца пад санкцыямі. Фігурантаў і іх кампанію аштрафавалі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.