Стаў вядомы яшчэ адзін факт вывазу непаўналетніх украінцаў у Беларусь
Вайна ва Украіне, ілюстрацыйнае фота / ria.ru
Украінскія праваахоўнікі выявілі яшчэ адзін факт вывазу непаўналетніх украінцаў у Беларусь на пачатку шырокамаштабнай расійскай агрэсіі.
Гэта адбылося падчас расследавання справы ўраджэнца Азербайджана, расійскага грамадзяніна Шахіна Шарыфзада. Яго падазраюць у жорсткім абыходжанні з цывільнымі, што прывяло да гібелі людзей. Ва Украіне яго завочна арыштавалі, паведамляе Радыё "Свабода".
Следства выявіла, што 6 сакавіка 2022 года Шарыфзадэ забіў цывільнага ўкраінца ў сяле Слабада Чарнігаўскай вобласці, калі той спрабаваў вывезці з акупаванага сяла сваіх дзяцей і пляменніцу. У машыне было чатыры чалавекі, у тым ліку адна непаўналетняя.
Салдаты пабачылі аўтамабіль з надпісам "Дзеці"» і загадалі кіроўцу спыніцца. Калі ён так і зрабіў, яны адкрылі агонь па аўтамабілі. Сведкі кажуць, што па людзях выпусцілі не меней за 15 стрэлаў. Кіроўца загінуў на месцы. Адзін пасажыр атрымаў раненні. Параненаму аказалі першую меддапамогу мясцовыя жыхары. Затрыманых расіяне даставілі на вайсковым верталёце ў Беларусь. Там параненаму аказалі меддапамогу.
Вярнуцца дадому затрыманыя ўкраінцы змаглі ў траўні 2022-га. У якім населеным пункце Беларусі іх утрымлівалі, у дакументах не паведамляецца.