Швед, якога затрымалі ў Расіі, прыйшоў пешшу з Беларусі

Фрэдзі Ліндхальм

Фрэдзі Ліндхальм / ФСБ

Швед, затрыманы ў Расіі па падазрэнні ў падрыхтоўцы тэрактаў, прыйшоў пешшу з Беларусі. Пра гэта паведаміў Пскоўскі гарадскі суд разам з рашэннем узяць Фрэдзі Ліндхальма пад варту да 6 снежня, звярнула ўвагу выданне "Зеркало".

"Паводле органа дазнання падазраваны, не маючы належнага дазволу, дзейнічаючы наўмысна, па асабістых бытавых матывах, у пешым парадку ў абыход устаноўленых пунктаў пропуску, здзейсніў незаконнае перасячэнне Дзяржаўнай мяжы Расійскай Федэрацыі з Рэспублікі Беларусь, пасля чаго быў затрыманы памежным нарадам.

У судовым паседжанні замежны грамадзянін не пярэчыў супраць абрання меры стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту", — гаворыцца ў паведамленні суда.

Пра затрыманне ў Пскоўскай вобласці грамадзяніна Швецыі ФСБ РФ паведаміла 15 кастрычніка. Сілавікі заявілі, што ён "ехаў у Расію для здзяйснення тэрактаў на вайсковых аб'ектах".

Варта нагадаць, што ўласна мяжы як такой паміж Беларуссю і Расіяй няма.

У СМІ паведамлялася, што раней Ліндхальм служыў ва Узброеных сілах Украіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.