Палітычна Беларусь застаецца часткай Азіі — Пачобут
Анджэй Пачобут у Варшаўскім універсітэце / "Наша Ніва"
Нават калі ў рэгіёне ўкараніцца мір, Беларусь як "палітычная частка Азіі" наўрад ці зможа хутка займець сапраўдныя таварыскія стасункі з Захадам. Пра гэта заявіў журналіст і экс-палітвязень Анджэй Пачобут на сваёй лекцыі "35 гадоў пасля распаду СССР: чаму Homo Sovieticus усё яшчэ існуе?" Яго выступ з нагоды ўрачыстага адкрыцця новага навучальнага года адбыўся ў Інстытуце Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта.
Як піша "Наша Ніва", Пачобут мяркуе, што Лукашэнка першым з новаабраных кіраўнікоў постсавецкіх краін адчуў хвалю грамадскіх настальгічных настрояў па СССР і падкупіў гэтым вялікую частку насельніцтва. Галоўны канфлікт у Беларусі, на думку выступоўцы, палягае ў канфлікце чалавека з савецкімі каштоўнасцямі супраць людзей дэмакратычных, заходніх, еўрапейскіх настрояў.
"І ў тым ці іншым аб’ёме гэты канфлікт характэрны для ўсіх постсавецкіх краін. Тая ж Грузія развівалася ў заходнім кірунку — падавалася, што краіна пакінула галоўныя праблемы ў мінулым, але сёння Грузія пачала развіваецца ўжо ў зваротным кірунку. І ўсё часцей яе параўноўваюць з Беларуссю", — кажа ён.
Той жа канфлікт каштоўнасцяў стаў прычынай вайны ва Украіне. І пакуль ён актуальны для ўсяго нашага рэгіёна, Пачобут не бачыць магчымасці прыязнага, таварыскага суіснавання рознапалярных суседзяў — нават пасля заканчэння вайны: "Нам трэба быць гатовымі, што гэты канфлікт будзе яшчэ доўгія гады вызначаць узаемадзеянне паміж Усходам і Захадам. Паміж Еўропай і Азіяй. І калі геаграфічна Беларусь з’яўляецца часткай Еўропы, то палітычна — гэта частка Азіі і тых узораў, што былі прышчэпленыя азіяцкімі сатрапамі".
На думку экс-палітвязня, Захаду варта звярнуцца да досведу "халоднай ваны" і адтуль чэрпаць натхненне.