Палац у цэнтры Варшавы 9 жніўня стане бел-чырвона-белым

Палац культуры і навукі ў Варшаве

Палац культуры і навукі ў Варшаве / прэс-служба АПК

9 жніўня з 18:00 да 24:00 фасад Палаца культуры і навукі ў цэнтры Варшавы будзе падсветлены ў колеры вольнай Беларусі — бел-чырвона-белыя. Так будуць адзначаныя шостыя ўгодкі пачатку маштабных пратэстаў у Беларусі.

Адпаведнае рашэнне прыняў прэзідэнт польскай сталіцы Рафал Тшаскоўскі ў адказ на зварот намесніка кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўніка НАУ Паўла Латушкі, паведамляе прэс-служба АПК.

"Паведамляем, што спадар прэзідэнт даў згоду на ілюмінацыю фасаду Палаца культуры і навукі ў колеры вольнай Беларусі", — гаворыцца ў афіцыйным адказе мэрыі на накіраваны зварот.

Павел Латушка выказаў падзяку прэзідэнту Варшавы і ўсім жыхарам польскай сталіцы "за гэты сімвалічны, але вельмі важны крок. Дзякуючы такой увазе мы адчуваем, што тэма вольнай Беларусі застаецца важнай для Польшчы і Варшавы".

Таксама 9 жніўня ў 18:00 пачнецца мітынг, прымеркаваны да шостай гадавіны прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Ён адбудзецца ў цэнтры Варшавы каля помніка Мікалаю Каперніку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.