У беларускіх чатах у Польшчы вярбуюць "трафарэтчыкаў"
Надпісы на помніках у Польшчы / MOST
Людзей, гатовых наносіць правакацыйныя надпісы на помнікі ў Польшчы, шукаюць у беларускіх чатах. Адну з такіх абвестак заўважыла выданне MOST — і адгукнулася на вакансію.
У абвестцы гаварылася, што працадаўца аплочвае выканаўцу дарогу ў абодва бакі і дае 500 долараў "за адзін выхад".
Падчас перапіскі працадаўца паведаміў: трэба напісаць "Слава УПА" ў Познані. На выбар ён прапанаваў помнік Адаму Міцкевічу ці мемарыял Познанскаму чэрвеня 1956 года (гэта першы буйны выступ рабочых супраць камуністычнай улады ў пасляваеннай Польшчы). Пазней ён сказаў, што ёсць аналагічныя заданні ў Варшаве, Уроцлаве, Любліне ды іншых гарадах.
Акрамя надпісу на помнік трэба было наклеіць стыкер з qr-кодам, які неабходна раздрукаваць самастойна. "Заказчык" не сказаў, куды вядзе гэты код. Працадаўца прызнаўся, што праца незаконная. Аднак "калі схаваць твар і хутка ўсё зрабіць, то не знойдуць".
Ён даслаў "выканаўцам" фота з аналагічнымі надпісамі на помніках, хаця і не ўдакладніў, калі яны былі зробленыя.