“Не беларускі, а касмапалітычны”. Што адбываецца з ЕГУ і як там адказваюць на крытыку?

ЕГУ

ЕГУ / ehuniversity.lt

“ЕГУ мэтанакіравана пазбаўляецца свайго беларускага пазіцыянавання”, — перакананы дарадца Святланы Ціханоўскай па навуцы і адукацыі, гісторык і былы выкладчык ЕГУ Павел Церашковіч.

Галоўным пацвярджэннем сваёй пазіцыі Церашковіч лічыць змены ва ўстаўных дакументах універсітэта. У папярэдняй версіі, калі ён сам працаваў у ЕГУ, місія ўніверсітэта заключалася ў тым, каб “даваць якасную адукацыю, праводзіць навуковыя даследаванні на карысць беларускага народа”. У новай рэдакцыі фармулёўка стала іншай: цяпер ЕГУ называе сябе “студэнтацэнтрычным універсітэтам, арыентаваным на студэнтаў з Беларусі і рэгіёна”.

Еўрарадыё запытала каментарый у кіраўніцтва ЕГУ. Ва ўніверсітэце заявілі, што ставяцца да крытыкі з павагай, але заклікалі “аддзяляць факты ад асабістых ацэнак і інтэрпрэтацый”.

Мы разабраліся ў трох галоўных прэтэнзіях да ЕГУ і даведаліся, што на іх адказвае сам універсітэт.


1. Беларускі нацыянальны праект ці літоўскі ўніверсітэт? Спрэчка пра ідэнтычнасць

Сутнасць спрэчкі

Гісторык Павел Церашковіч, актывіст Павел Севярынец і некаторыя іншыя крытыкі лічаць, што Беларусь паступова знікае з афіцыйнага вобраза ЕГУ. У новым 30-старонкавым статуце краіна згадваецца ўсяго некалькі разоў, а ў англамоўнай і іншых іншамоўных версіях сайта, паводле іх слоў, няма выразнага ўказання на сувязь універсітэта з Беларуссю.

Асабліва востра гэтае пытанне гучыць на фоне рэпрэсій у дачыненні да студэнтаў і іх блізкіх пасля прызнання ЕГУ “экстрэмісцкім фарміраваннем” у Беларусі. Вядома як мінімум пра 183 выпадкі ціску і рэпрэсій. Крытыкі асцерагаюцца, што ў такой сітуацыі беларуская місія ўніверсітэта ў Вільні можа паступова знікнуць.

Што адказвае ЕГУ

Ва ўніверсітэце лічаць, што ставіць пытанне як выбар паміж “літоўскім” і “беларускім” універсітэтам некарэктна. У афіцыйным адказе Еўрарадыё кіраўніцтва ЕГУ нагадвае:

“ЕГУ — універсітэт з беларускімі каранямі і больш чым трыццацігадовай гісторыяй, значная частка якой звязана з развіццём незалежнай беларускай адукацыі, навукі і акадэмічнай супольнасці”.

Ва ўніверсітэце падкрэсліваюць: пасля вымушанага пераезду з Мінска ў Вільню ЕГУ стаў часткай еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, але гэта, паводле кіраўніцтва, не азначае адмовы ад сувязі з Беларуссю.

“Мы не лічым карэктным вызначаць ідэнтычнасць універсітэта выключна праз нацыянальнасць яго кіраўніцтва, мовы выкладання або асобныя фармулёўкі ў інстытуцыйных дакументах”.

Адміністрацыя настойвае, што ідэнтычнасць універсітэта фарміруюць людзі і рэальныя справы, а не паперы.

“Беларускае вымярэнне ЕГУ працягвае існаваць перадусім праз яго акадэмічную супольнасць, студэнтаў, даследчыцкую дзейнасць, тэматыку навучальных і выпускных работ, а таксама культурнае і інтэлектуальнае асяроддзе ўніверсітэта. Большасць выкладчыкаў — беларусы, а значная частка акадэмічнай праблематыкі звязана з Беларуссю і беларускай культурай.

Пры гэтым ЕГУ сапраўды развіваецца як міжнародны ўніверсітэт і становіцца больш адкрытым для студэнтаў з розных краін”.

У выніку ЕГУ вызначае сябе як “еўрапейскі ўніверсітэт з беларускімі каранямі, значным беларускім акадэмічным складнікам і асаблівай адказнасцю перад супольнасцю, з якой ён вырас”.

2. Англійская мова і пагроза ператварэння ў “каледж”: развіццё ці страта каранёў?

Сутнасць спрэчкі

Павел Церашковіч асцерагаецца, што пасля прызнання ЕГУ “экстрэмісцкім фарміраваннем” універсітэт будзе губляць студэнтаў з Беларусі. У такім выпадку, лічыць ён, ВНУ давядзецца больш актыўна набіраць студэнтаў з Расіі, Украіны і краін Цэнтральнай Азіі. На яго думку, гэта можа яшчэ больш аддаліць ЕГУ ад першапачатковай місіі.

Яшчэ адна прэтэнзія датычыцца навукі. Церашковіч лічыць, што пасля пераезду за мяжу ў ЕГУ і так узніклі праблемы з даследчыцкай дзейнасцю. Калі ўніверсітэт не будзе займацца даследаваннямі, звязанымі з Беларуссю і яе грамадствам, ён, на думку гісторыка, рызыкуе ператварыцца ў “проста каледж”.

Што адказвае ЕГУ

Кіраўніцтва ўніверсітэта разглядае інтэрнацыяналізацыю не як “размыванне” місіі, а як яе натуральнае развіццё.

ЕГУ сапраўды плануе запускаць новыя праграмы на англійскай мове. Але робіцца гэта, паводле адміністрацыі, у інтарэсах саміх беларускіх студэнтаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.