МЗС Беларусі прыгразіў Латвіі асіметрычнымі мерамі за закрыццё мяжы

На беларуска-латвійскай мяжы, ілюстрацыйнае фота

На беларуска-латвійскай мяжы, ілюстрацыйнае фота / Мытны камітэт

МЗС Беларусі заявіў, што можа прыняць да Латвіі меры ў адказ, у тым ліку "несіметрычнага характару". Так афіцыйны Мінск адрэагаваў на закрыццё адзінага дзейнага пункта пропуску на мяжы з Беларуссю Патэрніекі-Грыгараўшчына.

У заяве беларускага ведамства гаворыцца, што афіцыйны Мінск пакідае за сабой права пачаць такія дзеянні "для абароны нацыянальных інтарэсаў і грамадзян". Усю адказнасць за наступствы МЗС РБ ускладае на афіцыйную Рыгу.

Пры гэтым беларускія дыпламаты не вераць у афіцыйнае тлумачэнне латвійскага боку пра тэхнічны збой. "Характэрна, што на мяжы з Расіяй "тэхнічныя праблемы" чамусьці адсутнічаюць і рух працягваецца", — гаворыцца ў каментары МЗС РБ.

Латвія спыніла рух на мяжы з Беларуссю ўвечары 31 ліпеня. Раней улады краіны заклікалі сваіх суграмадзян не наведваць Беларусь, а тых, хто паехаў, — вярнуцца як мага хутчэй. 

У панядзелак, 3 жніўня, МУС Латвіі паведаміла, што прапануе ўраду афіцыйна прыпыніць працу пераходу "Патэрніекі", матывуючы гэта пытаннямі нацыяльнай бяспекі. Пра гэта ў сацсетках напісаў міністр унутраных спраў Яніс Дамбрава. У такім разе трапіць з Латвіі ў Беларусь наземным шляхам не змогуць ні жыхары, ні грузавікі. Апошнія гады гэта быў адзіны дзеючы аўтамабільны памежны пераход паміж Латвіяй і Беларуссю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.