Белгідрамет папярэджвае пра спёку да +40 градусаў на гэтым тыдні

Спякота, ілюстрацыйнае фота

Спякота, ілюстрацыйнае фота / lookby.media

У аўторак, 4 жніўня, у Беларусі чакаецца пераменная воблачнасць, паведамляе Белгідрамет.

Уначы і зранку па захадзе краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, прагрымяць навальніцы. Месцамі пры навальніцах прагназуюцца моцныя залевы. Удзень пераважна па паўднёва-заходняй палове чакаюцца кароткачасовыя дажджы, у асобных раёнах — навальніцы. Уначы і зранку месцамі будзе згушчацца слабы туман. Вецер будзе пераменных напрамкаў умераны, пры навальніцах — парывісты, уначы і зранку ў асобных раёнах на захадзе прагназуецца шквалістае ўзмацненне ветру да моцнага парывістага, 15-20 метраў за секунду. Па гэтых паказчыках сіноптыкі абвясцілі аранжавы ўзровень небяспекі.

Тэрмометры ўначы пакажуць 11-17 градусаў са знакам "плюс", месцамі будзе 8-10 градусаў цяпла, у асобных раёнах па паўднёвай палове чакаецца 18-20 градусаў вышэй за нуль. Удзень паветра прагрэецца ад +24 градусаў па поўначы да +36 градусаў па поўдні Беларусі.  

У сераду па поўдні краіны чакаецца 35-38 градусаў вышэй за нуль. А ўдзень у чацвер, 6 жніўня, у многіх раёнах краіны максімальная тэмпература паветра дасягне +35...+40 градусаў. Сіноптыкі з увагі на гэта абвясцілі чырвоны ўзровень небяспекі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.