Аранжавы ўзровень небяспекі абвясцілі ў Беларусі на пятніцу
Вецер, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
У пятніцу, 9 кастрычніка, у Беларусі чакаецца воблачнае з праясненнямі надвор'е, паведамляе Белгідрамет.
На большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць дажджы, удзень магчымыя навальніцы. Вецер будзе паўднёвы, зранку і ўдзень — з пераходам на заходні парывісты. Уначы месцамі па захадзе, а зранку і ўдзень на большай частцы тэрыторыі Беларусі чакаецца моцны парывісты вецер да 15-20 метраў за секунду. Сіноптыкі абвясцілі аранжавы ўзровень небяспекі.
Тэмпература паветра на працягу сутак складзе 10-16 градусаў са знакам "плюс".
У суботу, 10 кастрычніка, таксама будзе воблачна з праясненнямі. Уначы па поўначы, удзень месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы. Вецер прагназуецца паўднёва-заходні, заходні парывісты, уначы ў асобных раёнах — моцны парывісты. Тэрмометры ўначы пакажуць 3-9 градусаў вышэй за нуль. Удзень чакаецца +10...+15 градусаў, па поўдні Беларусі будзе да 17 градусаў цяпла.