Украінец перабраўся праз беларуска-літоўскую мяжу праз сажалку

Украінец перабраўся ў Літву праз сажалку

Украінец перабраўся ў Літву праз сажалку / vsat.lrv.lt

У ноч з пятніцы на суботу літоўскія памежнікі затрымалі ў Шальчынінкайскім раёне ўкраінца, які нелегальна перайшоў беларуска-літоўскую мяжу.

Сістэма памежнага назірання зафіксавала чалавека з беларускага боку, які пераходзіў уброд праз сажалку Юргіёніс і спрабаваў выйсці на бераг на літоўскай тэрыторыі. Дзяржаўная мяжа паміж Літвой і Беларуссю на гэтай сажалцы пазначаная добра заўважнымі жоўтымі буямі.

Парушальнікам аказаўся 35-гадовы грамадзянін Украіны. Пры сабе ў яго быў дакумент, які пацвярджае асобу. Падчас допыту мужчына запрасіў прытулак у Літве.

Пазней яго даставілі ў Цэнтр рэгістрацыі замежнікаў у Пабрадзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.