Украіна атакавала два буйныя заводы ў Расіі

Саратаў

Саратаў / t.me/astrapress

У ноч на 7 лістапада Украіна атакавала Саратаўскі НПЗ і завод "Пратон-Электратэкс" у Арле. Паводле OSINT-аналізу ASTRA, пасля ўдараў на абодвух прадпрыемствах пачаліся пажары. У Саратаве відавочцы паведамлялі пра выбухі і ўспышкі, а губернатар папярэдне заявіў пра пацярпелых і пашкоджанні грамадзянскай інфраструктуры.

"Пратон-Электратэкс" вырабляе паўправадніковыя прыборы і электронныя кампаненты. Паводле ўкраінскага боку, яго прадукцыя выкарыстоўваецца ў расійскім узбраенні, у тым ліку ў ракетах "Іскандэр-М" і комплексах "Панцыр-С1". Губернатар Арлоўскай вобласці пацвердзіў пашкоджанне вытворчых магутнасцяў прадпрыемства, але не назваў яго. Абодва аб'екты ўжо раней атакавалі: пасля ўдару па "Пратон-Электратэксе" 23 кастрычніка загінулі пяць чалавек, яшчэ 19 пацярпелі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.