Ядзерныя могільнікі часоў Чарнобыля ў Беларусі хочуць вывесці з-пад нагляду

Пункт захавання адходаў дэзактывацыі

Пункт захавання адходаў дэзактывацыі / МНС

Ядзерныя могільнікі часоў Чарнобыля плануецца вывесці з-пад нагляду. Тэндар на распрацоўку крытэрыяў вызвалення ад рэгулюючага кантролю і парадку вываду з-пад нагляду пунктаў захавання адходаў дэзактывацыі (ПЗАД) чарнобыльскага паходжання апублікаваў Дэпартамент па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС.

Як піша "Флагшток", адпаведная закупка адбылася 16 ліпеня, але звестак пра выканаўцу ў тэндары пакуль няма. Работы маюць быць выкананыя з 1 верасня па 7 снежня 2026 года.

Радыяцыйны хімік, даследчык катастрафічных рызык Сяргей Бесараб кажа, што ў Беларусі каля сотні ПЗАД. Тым часам улады актыўна ўводзяць у абарот забруджаныя тэрыторыі, заяўляючы аб праведзеных экспертызах. Але тэндарныя закупкі падсвятляюць праўду.

"Згодна з дакументам, можна зрабіць выснову, што ўлады шукаюць таго, хто пайшоў бы за грошы на злачынства і легалізаваў "чарнобыльскую спадчыну", кажучы іх мовай "распрацаваў крытэрыі для вызвалення ад кантролю" і вываду з-пад нагляду пунктаў пахавання чарнобыльскіх адходаў. Многія з іх у 1986 годзе рабіліся паводле стыхійнага тыпу: курганы, якія цяпер параслі дрэвамі і травой, але працягваюць насычаць паверхневыя воды радыенуклідамі. Дзе яны знаходзяцца — памяталі толькі старажылы", — адзначае навуковец.

На яго думку, правесці за бліжэйшыя пяць месяцаў належныя экспертызы немагчыма: "Гэта спектраметрыя, шнекавае свідраванне і інвентарызацыя дзясяткаў тысяч кубаметраў пахаванняў складанай марфалогіі. Гэта не рэальна зрабіць нават у зададзеных часавых рамках, не кажучы ўжо пра фінансавы бок, абсалютна фантастычны".

Бесараб мяркуе, што гэта заведама фіктыўны тэндар, зроблены пад адзін з падведамасных інстытутаў: "ПЗАД застанецца на месцы, радыенукліды ў ім (і ў паверхневых водах пад ім) — таксама, але за грошы падаткаплацельшчыкаў беларусы атрымаюць "правільныя" рэкамендацыі. І Дзяржатамнагляд скажа: "Цяпер гэтая зона чыстая, нагляд здымаецца". Дзяржава зэканоміць на кантролі грунтовых водаў, а заражаныя лясы і землі яшчэ хутчэй пойдуць у звычайны аграрны і гаспадарчы абарот".

Ядзерныя могільнікі часоў Чарнобыля ў Беларусі хочуць вывесці з-пад нагляду

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.