Нават неба іншае — гендырэктарка TUT.BY пасля вызвалення
Людміла Чэкіна / svaboda.org
"Я дагэтуль не паверыла ў рэальнасць таго, што адбываецца. Нават неба іншае... Ехала цяпер у аўтобусе, глядзела на прыгожыя зялёныя палі — яшчэ беларускія на той момант. Глядзела на гэтыя дубы, на гэтых птушак, на гэтае неба", — сказала пасля вызвалення гендырэктарка TUT.BY Людміла Чэкіна.
"Папраўчая калонія №4 таксама стараецца, там прыгожыя ружы — магчыма, вы пра іх чулі. Але гэта не робіць таго ўражання, якое чалавек адчувае, калі ён вольны. Самае галоўнае цяпер, каб у хуткім часе вызваліліся ўсе нашыя дзяўчаты, хлопцы. Быць у няволі вельмі цяжка. Гэта як быць пахаваным жыўцом".
Журналіст Андрэй Аляксандраў расказаў, што за час зняволення пахудзеў на 30 кг.
16 верасня былі вызваленыя 25 палітзняволеных, якіх рэжым Лукашэнкі выслаў у Літву. Узамен за іх вызваленне Злучаныя штаты анансавалі зняццё санкцый з лідскай "Лакафарбы" і дзяржканцэрна "Беллеспаперпрам". Спецпасланнік прэзідэнта ЗША па Беларусі Джон Коўл назваў сённяшняе пагадненне прамежкавым і заявіў, што вызваленні палітвязняў будуць працягвацца.