Лукашэнка заявіў, што не збіраецца спыняць рэпрэсіі

Джон Коўл і Лукашэнка

Джон Коўл і Лукашэнка / president.gov.by

Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі спыняцца не будуць. Гэта вынікае са словаў Аляксандра Лукашэнкі на сустрэчы з Джонам Коўлам 15 верасня.

Падчас сустрэчы Лукашэнка чарговы раз заявіў, быццам у Беларусі няма палітвязняў, бо няма адпаведнага артыкула ў заканадаўстве.

Пры гэтым ён дадаў: "Калі нехта з грамадзянаў Беларусі ці замежнікаў, якія пражываюць тут, парушыць законы, то мы абавязкова будзем дзейнічаць паводле закону".

Таксама Лукашэнку не спадабаліся заявы пра тое, што на месца вызваленых палітвязняў рэжым набірае новых. Пра гэта ён паскардзіўся ў гутарцы з Коўлам: "Нашы "беглыя" разганяюць тэму на Захадзе і вас, адчуваю, паводле маіх звестак, пераканалі ў тым, што мы кагосьці тут адпускаем, але, працягваючы рэпрэсіі, на гэтае месца ўдвая больш затрымліваем людзей. Я хачу публічна вам сказаць, што гэта абсалютная няпраўда".

Паводле звестак праваабаронцаў, на сённяшні дзень у Беларусі налічваецца 912 палітвязняў. Сапраўдная колькасць можа быць большай, бо ўлады хаваюць інфармацыю. Праваабаронцы кажуць, што звесткі пра новыя выпадкі палітычнага пераследу атрымліваюць штодня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.