Акупацыя Беларусі будзе ўзмацняцца: пагроза для Украіны можа стаць пастаяннай

Беларусь дазваляе Расіі бамбіць Украіну са сваёй тэрыторыі / Мінабароны Беларусі
Беларусь дазваляе Расіі бамбіць Украіну са сваёй тэрыторыі / Мінабароны Беларусі

Беларускія партызаны перашкаджаюць расійскім войскам прасоўвацца ва Украіне. У тым ліку гэта стымулюе Расію ўзмацняць акупацыю Беларусі. Аднак, калі Пуцін скарыстаецца сваім дамінантным становішчам і запатрабуе ад Лукашэнкі ўвесці войскі ва Украіну, у Беларусі можа адкрыцца яшчэ адзін фронт супраціву Расіі. На яго задушэнне сіл няма.

Еўрарадыё даведалася ў экспертаў, як статус акупаванай тэрыторыі выратуе Беларусь у будучыні, чаму рэжыму Лукашэнкі канец, калі яму давядзецца ўвесці войскі ва Украіну, і якая роля Беларусі ў рэгіёне.
 

Статус акупаванай тэрыторыі выратуе гісторыю Беларусі

Беларусь — акупаваная тэрыторыя, і варта дамагацца прызнання гэтага статусу на міжнародным узроўні, лічаць гісторык Аляксандр Фрыдман і медыяэксперт, палітычны аглядальнік Серж Харытонаў.

Оккупация Беларуси будет усиливаться: угроза для Украины может стать постоянной
Расійскія войскі і вайсковая тэхніка з'явіліся ў Беларусі пад выглядам вучэнняў / Мінабароны Беларусі

— Узброеныя сілы Расійскай Федэрацыі прысутнічаюць на тэрыторыі Беларусі па запрашэнні чалавека, які не ёсць легальным і легітымным кіраўніком дзяржавы. Роўна ў той жа ступені ўсе перамяшчэнні ўсіх родаў войскаў не ёсць законнымі, калі яны зроблены па запрашэнні падначаленых такога чалавека, — кажа Серж Харытонаў.

Суразмоўнік параўноўвае становішча Беларусі са станам краін Балтыі з 1940-га да 1991 года, калі яны незаконна былі ўключаны ў склад Савецкага Саюза, а на іх тэрыторыі з'явіўся ваенны кантынгент СССР.

— Да 1991 года яны прызнаваліся, прынамсі ЗША, акупаванымі ў рамках дактрыны Стымсана. Ёсць імавернасць, што ЗША, а ўслед за імі і іх хаўруснікі прызнаюць Беларусь акупаванай тэрыторыяй. Калі гэта адбудзецца, на Беларусь не будуць распаўсюджвацца патрабаванні рэпарацый. Таксама рэжым Аляксандра Лукашэнкі не будзе мець прадстаўніцтва ў міжнародных арганізацыях. У першую чаргу ў структурах ААН і АБСЕ.

Акрамя гэтага, ёсць яшчэ гістарычны аспект. І гэта важней, чым грошы, якія Беларусі, магчыма, давядзецца выплачваць Украіне, адзначае Аляксандр Фрыдман.

— Калі дэмакратычныя краіны прызнаюць Беларусь як краіну, якая знаходзіцца пад акупацыяй, гістарычная ацэнка ролі Беларусі ў гэтай злачыннай вайне будзе іншая. Не на адной прыступцы з Расіяй.
 

"Дэмакратычнай Беларусі застаецца спадзявацца на перамогу Украіны"

 

Оккупация Беларуси будет усиливаться: угроза для Украины может стать постоянной
Скульптура "Радзіма-маці" ў Кіеве / petition.kievcity.gov.ua

Аляксандр Фрыдман адзначае, што ў заходніх краін ёсць разуменне, што вайна ва Украіне не вайна беларусаў. Акрамя таго, ад саміх беларусаў мала што залежыць.

— Мы не ўяўляем, у якой ступені Лукашэнка і ягонае асяроддзе кантралююць сітуацыю ў краіне. Нельга выключаць, што Лукашэнка ўжо нічога не кантралюе. На жаль, і людзі ў Беларусі ў сілу і прысутнасці расійскіх войскаў, і рэпрэсіўнага рэжыму Лукашэнкі практычна ні на што паўплываць не могуць.

Мы знаходзімся ў вельмі непрыемнай сітуацыі, калі лёс Беларусі шмат у чым залежыць ад канца вайны, але ўжо не вырашаецца самімі беларусамі. Гэта трагедыя. І ў гэтай трагедыі тым, хто бачыць будучыню Беларусі свабоднай і дэмакратычнай, застаецца спадзявацца на перамогу Украіны.

Калі Украіна выстаіць, то ў дэмакратычнай Беларусі з'явіцца шанц на будучыню. Калі не, жалезная заслона зачыніцца і на беларускай мяжы ўслед за расійскай.

Пакуль самага страшнага для Беларусі не адбылося. Гэта здарыцца, калі беларускія войскі ўвойдуць ва Украіну, мяркуе Аляксандр Фрыдман.

Оккупация Беларуси будет усиливаться: угроза для Украины может стать постоянной
Беларускіх вайскоўцаў не павінна быць ва Украіне / Мінабароны Беларусі

— Галоўнае, што я шукаю раніцамі ў навінах, — увайшлі або не ўвайшлі беларускія войскі ва Украіну. Гэта будзе велізарная гістарычная катастрофа, не кажучы пра тое, што людзі загінуць.

Беларускіх войскаў няма ва Украіне з адной простай прычыны — Расія яшчэ не палічыла патрэбным іх туды адправіць. Цалкам магчыма, што ўкраінскае войска пойдзе ў контратаку. У такой сітуацыі могуць быць кінутыя апошнія рэзервы. І гэта беларускае войска.

У выпадку, калі ўсё пойдзе па самым дрэнным сцэнары і Лукашэнка будзе вымушаны адправіць войскі ва Украіну, гэта стане канцом яго сістэмы, лічыць эксперт.

— Уся актыўнасць на знешнепалітычным фронце, выкрыванне шпіёнаў і іншае паказваюць, што Лукашэнка дэманструе дзейнасць, каб яго толькі не прымусілі адправіць войскі ва Украіну.

Падстаў думаць, што беларускія войскі ў лепшым стане, чым расійскія, няма. Акрамя таго, невядома, як павядуць сябе беларускія салдаты.

— Можа быць, яны пяройдуць на ўкраінскі бок альбо будуць масава здавацца. А калі ў Мінску мільён чалавек выйдуць на вуліцы, калі ўбачаць, што пайшлі цынкавыя труны з Украіны? Плюс яшчэ эканамічная сітуацыя. Беларусам становіцца губляць усё менш і менш. У Беларусі няма шалёнага патрыятычнага чаду, як у Расіі.

 

Оккупация Беларуси будет усиливаться: угроза для Украины может стать постоянной
Увод беларускага войска ва Украіну можа стаць падставай для пратэстаў / Еўрарадыё

Мяркуючы па тым, як Расія загразла ва Украіне, з дадатковым фронтам у выглядзе беларусаў, якія пратэстуюць, рэжыму Лукашэнкі і войску Пуціна не справіцца, адзначае Аляксандр Фрыдман.
 

Акупацыя будзе ўзмацняцца

У Беларусі адбываецца нашмат больш, чым можа здацца на першы погляд, упэўнены Серж Харытонаў.

— Я бачу вельмі шмат публікацый апошнім часам у амерыканскіх медыя адносна беларускага партызанскага руху, дыверсій на чыгунцы. І пра рэакцыю на гэтыя дзеянні рэжыму Лукашэнкі і Расійскай Федэрацыі, якая спрабуе сіламі ўласнай контрразведкі прадухіліць перадачу інфармацыі на Захад і прадухіліць новыя дыверсіі, якія наносяць сур'ёзную шкоду прасоўванню расійскага войска.

Гэта праблема для Расіі, якая не можа быць развязаная без увядзення зон частковай акупацыі і яе ўзмацнення, кажа эксперт. Нешта падобнае ўжо ёсць на поўдні Беларусі, адкуль ляцяць ракеты ва Украіну.

— Галоўнае, каб украінскае кіраўніцтва пры вядзенні перамоў пра будучыню рэгіёна абавязкова ўлічвала той факт, што, пакуль расійскае войска застаецца ў Беларусі, Украіна будзе пад пагрозай новага нападу. Таму вывад расійскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі павінен быць адным з прыярытэтных пунктаў у любых дамовах, якія ўкраінскі ўрад будзе падпісваць з Расійскай Федэрацыяй. Або любых патрабаваннях, якія будзе вылучаць Захад у дачыненні да расійскай прысутнасці ва Усходняй Еўропе, — кажа на заканчэнне Серж Харытонаў.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.