Украіна атакавала чарговы склад Wildberries — цяпер ва Уладзімірскай вобласці
Выбух ва Уладзімірскай вобласці / Exilenova / Telegram
Украінцы ў ноч на 3 жніўня спалілі яшчэ адзін лагістычны хаб Wildberries — цяпер ва Уладзімірскай вобласці РФ.
Інфармацыю пацвердзіў кіраўнік вобласці Аляксандр Аўдзееў. А маркетплейс паведаміў, што лагістычныя ланцужкі перабудаваныя: "Прыём паставак і адгрузка заказаў ажыццяўляюцца на іншых аб'ектах".
Плошча лагістычнага хаба ва Уладзімірскай вобласці складае каля 172 тысяч квадратных метраў. Ён мае важнае значэнне для размеркавання тавараў у рэгіёне.
Па стане на 3 жніўня знішчана ці пашкоджана каля 8% ад усёй інфраструктуры Wildberries. Гэта 17 буйных складоў з прыкладна 200, якімі агулам аперуе кампанія.
"Крытычная адзнака — гэта каля 25%. Калі страчваецца чвэрць лагістычнай структуры, лагістычныя ланцужкі пачынаюць працаваць з вельмі сур'ёзнымі збоямі", — адзначаў у эфіры Еўрарадыё блогер Аляксандр Кныровіч.
Таксама ў ноч на 3 жніўня ўкраінцы атакавалі ў Белгарадзе ўніверсітэт, дзе збіралі і тэставалі дроны.