Мерч для беларускіх ВНУ стварыў сярэдні сын Лукашэнкі

Мерч БДУІР

Мерч БДУІР / інстаграм-акаўнт @bsuir_studentstore

Распрацоўкай мерча для некалькіх беларускіх ВНУ займалася кампанія, звязаная з Дзмітрыем Лукашэнкам. Гэта высветлілі журналісты-расследвальнікі "Бюро".

Свой універсітэцкі мерч з'явіўся ў 2017–2018 гадах адразу ў трох ВНУ. Брэндаванае адзенне і сувенірную прадукцыю прадавалі ў студэнцкіх крамах Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі (БДУІР), Белдзяржмедуніверсітэта (БДМУ) і Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта (БНТУ).

Прэс-служба БДУІР паведамляла, што ідэя належыць кампаніі "Універсітэцкія традыцыі". На момант адкрыцця крамаў, як выявілі расследвальнікі, гэтая фірма мела трох уласнікаў. Першы — Прэзідэнцкі спартыўны клуб (ПСК), нязменным кіраўніком якога больш за дваццаць гадоў з’яўляецца Дзмітрый Лукашэнка.

Другі ўладальнік — фірма "Саюзтрэйд". Яе заснаваў Яўген Кукушкін, звязаны з сярэднім сынам Лукашэнкі. Апошнія чатыры гады Кукушкін займае пасаду старшыні савета ў аматарскай хакейнай камандзе "Шчыт", дзе гуляе Дзмітрый Лукашэнка.

Трэцяя фірма, якая валодала "Універсітэцкімі традыцыямі", — ЗАТ "Аблрапсаграсэрвіс". Яе канцавыя бенефіцыяры невядомыя, але кампанія звязаная з электроннай поштай [email protected]. Гэты адрас выкарыстоўваўся для рэгістрацыі некалькіх юрыдычных асоб, звязаных з Яўгенам Кукушкіным і Дзмітрыем Лукашэнкам: "Універсітэцкія традыцыі", "Аматарскі клуб "Шчыт" і "Спорт-сістэм". Апошняя валодала доляй ва "Універсітэцкіх традыцыях" да "Аблрапсаграсэрвіса".

Дарэчы, ідэя ўніверсітэцкага мерча аказалася не вельмі прыбытковай. У 2023 годзе выручка "Універсітэцкіх традыцый" склала 52 тысячы рублёў, а чысты прыбытак — толькі 2 тысячы рублёў. Наступны год кампанія адпрацавала са стратай у 5 тысяч рублёў. А 2025-ы завяршыла з выручкай у 6 тысяч рублёў і чыстым прыбыткам у 3 тысячы рублёў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.