Мазырскі НПЗ мадэрнізуе рэзервуары для авіяцыйнага паліва
Мазырскі НПЗ / belta.by
Мазырскі НПЗ плануе мадэрнізаваць рэзервуарны парк рэактыўнага паліва. Прадпрыемства абвясціла закупку на распрацоўку праекта па замене двух рэзервуараў.
Як заўважыў "Флагшток", кошт работ складзе амаль паўмільёна рублёў. Праект павінны падрыхтаваць да канца сакавіка 2027 года. Пасля гэтага і праходжання экспертызы на заводзе змогуць прыступіць непасрэдна да замены рэзервуараў.
Гаворка ідзе пра рэактыўнае паліва — вычышчаным авіяцыйным керасіне, які выкарыстоўваецца ў рухавіках самалётаў і верталётаў.
Згодна з дакументацыяй тэндара, правесці гэтыя работы планавалі яшчэ ў 2023 годзе.
Раней Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі паведамляла пра рост паставак авіяцыйнага паліва са станцыі Барбароў у Мазыры ў Расію. Сярод канчатковых пунктаў называліся аэрапорты Масквы, Санкт-Пецярбурга, Курска і Петразаводска. Аэрадром у Курску цяпер выкарыстоўваецца ваеннай авіяцыяй.