У МЗС Польшчы пракаментавалі заяву афіцыйнага Мінска аб падрыхтоўцы тэракту

МЗС Польшчы

МЗС Польшчы / gov.pl

Публічная заява беларускіх уладаў пра нібыта падрыхтоўку тэракту ў Польшчы магла быць зробленая ў прапагандысцкіх мэтах. Пра гэта ў каментары выданню "Зеркало" сказаў прэс-сакратар МЗС Польшчы Мацей Вевюр. Пры гэтым ён запэўніў, што польскія службы сур'ёзна ставяцца да кожнага такога сігналу.

Вевюр пацвердзіў, што прадстаўнік польскай амбасады ў Мінску сапраўды атрымаў такія звесткі ад беларускага боку. Пры гэтым ён звярнуў, што інфармацыя была адначасова размешчаня на афіцыйным сайце МЗС Беларусі, што з'яўляецца "беспрэцэдэнтнай практыкай".

"Такія папярэджанні і такая інфармацыя не размяшчаюцца на інтэрнэт-сайтах. У мяне дзіўнае пачуццё, што мэты [у беларускага МЗС] маглі быць іншыя, чым проста папярэджанне. Гэта магло быць зроблена ў прапагандысцкіх мэтах", — мяркуе прэс-сакратар.

На думку Вевюра, публікацыя такіх звестак на афіцыйным рэсурсе, магчыма, была разлічана на тое, каб справакаваць публічную дыскусію. Ён заклікаў ставіцца да яе асцярожна.

Разам з тым дыпламат запэўніў, што рпольскія спецслужбы сур'ёзна ставяцца да любых падобных сыігналаў.

Як паведамлялася раней, увечары 23 ліпеня МЗС Беларусі заявіў, быццам на тэрыторыі Польшчы рыхтуецца тэракт. Быццам бы яго рыхтуе беларус, якога польскія ўлады нядаўна пазбавілі дадатковай абароны і права на пражыванне. А мэтай тэракту называлі "непаўналетніх дзяцей актывісткі, якая пражывае ў Польшчы і мае беларускае грамадзянства". Матывам нібыта была "помста за недастатковыя намаганні па захаванні" за ім статусу ў Польшчы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.