Расіяне атакавалі дронамі дзве бальніцы ў Запарожжы

Наступствы атакі па Украіне

Наступствы атакі па Украіне / ДСНС Украіны

У ноч на 25 верасня расіяне атакавалі Украіну 295 ударнымі дронамі. Супрацьпаветраная абарона Украіны паведамляе, што 267 з іх удалося збіць.

У Запарожжы пад удар трапілі дзве бальніцы, перадае hromadske.ua. З адной з іх ратавальнікі эвакуявалі пяцярых чалавек. Паводле папярэдняй інфармацыі, адзін чалавек атрымаў лёгкія траўмы. У іншай бальніцы пашкоджаныя памяшканні, аўто хуткай дапамогі і грамадзянскія машыны.

У Кіеве пад удар трапіў 16-павярховік у Пячэрскім раёне. Дрон пацэліў у будынак на вышыні 10-11-га паверхаў. У выніку атакі загінуў 14-гадовы хлопчык. Прынамсі сем жыхароў дома атрымалі раненні.

У сваю чаргу ўкраінскія дроны атакавалі два нафтаперапрацоўчыя заводы ў Растоўскай вобласці і Пермі. На абодвух заводах пачаліся пажары, Навашахцінскі НПЗ у Растоўскай вобласці спыніў працу.

Таксама ўкраінскія дроны пацэлілі ў завод "Іскра" ва Ульянаўску, дзе вырабляюць электронныя кампаненты для радыёэлектроннай апаратуры, вылічальнай тэхнікі і сродкаў сувязі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.