"Ідэальная чысціня пасля выхаду": правадніца падзякавала пасажырам пасля "Лідбіра"
Чай у цягніку / food.pibig.info
На выходных у Лідзе прайшоў фестываль "Лідбір". Да свята Беларуская чыгунка прызначыла дадатковы цягнік Мінск — Ліда. Адна з правадніц пасля паездкі вырашыла публічна падзякаваць пасажырам 13-га вагона — за спакой, чысціню і парадак.
"Хачу звярнуцца да маіх пасажыраў, якія ехалі ў ім. Вялізная падзяка вам за спакойную паездку, за чысціню і парадак, які вы пакінулі пасля сябе! Ідэальная чысціня ў вагоне пасля выхаду. Паверце — нам, праваднікам, гэта вельмі важна — ваша чалавечае стаўленне", — напісала яна ў Threads.
Пасажыры падтрымалі правадніцу. Адна з карыстальніц прызналася, што ехала ў іншым вагоне, але ўсё роўна не змагла прайсці міма: "Я не ехала ў вашым вагоне, але як жа прыемна чытаць вашу падзяку!" А пасажырка 11-га вагона распавяла, што разам з сяброўкай нават зняла абутак у купэ, каб не пэцкаць дыван. Пры гэтым яна заўважыла, што ў іншым вагоне бачыла пасажырку, якая сядзела на верхняй паліцы ў абутку.
"Хтосьці ж пасля будзе ехаць… Не ўсім праваднікам пашанцавала з пасажырамі", — напісала яна.
Сама правадніца адказала на гэта з аптымізмам: "Няхай такія выпадкі будуць адзінкавымі! Добрых людзей усё ж значна больш".