Беларуская кампанія пастаўляе медсродкі расійскаму войску — БРЦ

"Талмін-Бел"

"Талмін-Бел" / tallmin.by

Пастаўкамі кроваспыняльных сродкаў для расійскага войска займаецца беларуская кампанія з эстонскім капіталам. Пра гэта гаворыцца ў расследаванні Беларускага расследвальніцкага цэнтра.

Пастаўкі вядзе беларуская кампанія "Талмін Медыкал" праз свайго расійскага дылера "Авіён". Згадкі пра збор грошай на сродак "Талмін-Бел" журналісты знайшлі ў тг-каналах расійскіх валанцёраў. Таксама журналісты знайшлі дакументальнае пацвярджэнне паставак.

Прадстаўнік БРЦ пад выглядам валанцёра затэлефанаваў расійскаму дылеру і нават змог атрымаць зніжку на прэпарат.

Кіруе фірмай "Талмін Медыкал" былы вайсковы лекар Алег Бобрык. У розныя гады ён кіраваў вайсковым шпіталем у Барысаве і працаваў у Вайсковай акадэміі Беларусі ды Рэспубліканскім шпіталі МУС.

Амаль палова кампаніі належыць грамадзянам Беларусі: былому супрацоўніку ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС, папярэдніка ГУБАЗіК Юрыю Кудзіну (10%) і былому намесніку дырэктара "Энерга-Оіл" бізнэсоўцу Мікалаю Чарнышову (39%).

51% акцыяў "Талмін Медыкал" належыць кампаніі New Century Holding, зарэгістраванай у 2014 годзе ў Эстоніі. Яе мажарытарны ўласнік — грамадзянін Эстоніі Алег Саўчанка.

Прадстаўнік БРЦ скантактаваўся па тэлефоне з Саўчанкам, назваўшыся зборшчыкам рыштунку для расійскіх вайскоўцаў. Ён прапанаваў Саўчанку выпісаць грамату з падзякай. Той сказаў, што гэта "далікатнае пытанне", і нагадаў, што жыве ў Эстоніі. Саўчанка прапанаваў накіраваць падзяку Алегу Бобрыку — дырэктару "Талмін-Медыкал". Праз сем хвілін пасля размовы Саўчанка даслаў журналісту паведамленне, у якім адмаўляў сказанае раней. Ён заявіў, што ніяк не звязаны з апісаным бізнэсам і "не вельмі зразумеў", пра што яму казалі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.