"Адкуль нафту пампаваць, я пакуль не ведаю". Кандыдаты ў цені — хто яны?

Наталля Ксель і Юрый Ганцэвіч
Наталля Ксель і Юрый Ганцэвіч

Наталля Кісель і Юрый Ганцэвіч — вылучэнцы ў прэзідэнты, пра якіх мала што вядома: на слыху цяпер больш публічныя прэтэндэнты. Еўрарадыё вырашыла выправіць гэтую несправядлівасць.

Антыкрызісны кіраўнік

У 2020 годзе на ролю кандыдатаў у прэзідэнты прэтэндуюць чатыры жанчыны. Канкурэнцыю вядомым апазіцыянеркам Канапацкай і Кавальковай, а таксама жонцы блогера Сяргея Ціханоўскага Святлане Ціханоўскай складзе Наталля Кісель — прадпрымальніца, намесніца дырэктара прыватнага прадпрыемства, якое спецыялізуецца на транспартных паслугах. 

Наталля можа пахваліцца трыма вышэйшымі адукацыямі і трыма спецыяльнасцямі: інжынер-механік, менеджар-эканаміст і антыкрызісны кіраўнік. А яшчэ яна — член Грамадскай асацыяцыі грузаперавозчыкаў "Рэгіён 8".

— Цалкам відавочна, што мая кандыдатура не зможа на дадзены момант пераважыць "кандыдата №1", — распавядае Наталля. — Малыя і мікраперавозчыкі нашай асацыяцыі не хочуць рэвалюцыі, не хочуць мірнае жыццё ператварыць у чараду забастовак і мітынгаў. Важна весці канструктыўны дыялог, прымаць рашэнні, накіраваныя на развіццё, якія не будуць разбураць тыя каштоўнасці, што наш народ змог пабудаваць і захаваць. 

Чаму я? Удзельнічаць у выбарах — не проста маё волевыяўленне. Гэта рашэнне агульнае, разглядалася некалькі кандыдатур. Чаму я — лепш няхай пра гэта скажуць мае калегі. Гэта іх выбар.

“Откуда нефть качать, я пока не знаю”. Кандидаты в тени — кто они?
Наталля Кісель, фота аўтара

Наталля лічыць, што праводзіць традыцыйныя пікеты на дадзены момант не зусім правільна. Але сцвярджае, што на сёння яе ініцыятыўная група сабрала 28 000 подпісаў.

— Цяпер досыць складаная эпідэміялагічная абстаноўка, бо нават сваякі памерлых праводзяць у вузкім коле. Я не маю ні маральнага, ні грамадзянскага права ладзіць сходы ў шматлюдных месцах. Такая ж пазіцыя ва ўсіх членаў "Рэгіёну 8". 

Нашы пікеты ёсць на трасах і на мяжы — напрыклад, Чырвоная Горка, Рудня, Невель. Сёння кіраўнік штаба Сяргей Штода даў мне інфармацыю, што ўжо на такога роду пікетах дзяжурыць група, збіраюць подпісы штохвілінна і кругласутачна. На 25 траўня сабрана 28 000 подпісаў. У планах — дасягнуць лічбы 110 000. Улічваючы сітуацыю з COVID-19, зборам подпісаў займаемся з захаваннем усіх мер засцярогі.


У ініцыятыўнай групе Наталлі зарэгістравана 137 чалавек, большасць з іх — члены асацыяцыі "Рэгіён 8". Наталля ніколі не ўдзельнічала ў якіх-небудзь палітычных рухах.

— Ідэалогія можа быць толькі адна. І не толькі ў мяне, у кожнага, хто любіць сваю Радзіму. І не толькі ў кандыдата ў кандыдаты, але і ў простага грамадзяніна. ​Мая краіна, дзе жывуць і працуюць мае дзеці, мае сябры, мае бацькі, — павінна быць квітнеючай краінай, сапраўднай "Радзімай-маці". У маёй краіне павінны быць усе магчымасці для таго, каб маладыя людзі маглі сябе рэалізаваць, а старэйшае пакаленне магло лёгка адаптавацца ў зменлівым свеце. Для ўсіх — спакойнага і шчаслівага жыцця, — падкрэслівае Наталля.

Экс-сябар Ціханоўскага

“Откуда нефть качать, я пока не знаю”. Кандидаты в тени — кто они?
Юрый Ганцэвіч / vk.com

Яшчэ адзін кандыдат — фермер з аграгарадка Пакалюбічы Гомельскага раёна Юрый Ганцэвіч. Ён сам сябе называе "звычайным беспартыйным фермерам-рабацягам". Юрый ужо браў удзел у парламенцкіх выбарах у 2019 годзе і стаў вядомы пасля таго, як з'явіўся на пікетах з казой і трактарам. Ганцэвіч — заняты чалавек: нават каб адказаць на нашы пытанні, яму даводзіцца адцягваць увагу ад працы з каровамі.

— Першапачаткова я ішоў як рэзервовы варыянт для Сяргея Ціханоўскага. Але паколькі я аказаўся трэцім лішнім (зарэгістравалі яго жонку), цяпер выхаду ў мяне няма — і я вылучаю сваю кандыдатуру.

Зарэгістраваць ініцыятыўную групу Юрыю дапамаглі карыстальнікі "Ютуба", якія падпісаліся на яго канал. Частка яго ініцыятыўнай групы — падпісчыкі Ціханоўскага. Але пікеты Ганцэвіча будуць куды больш крэатыўнымі за пікеты Ціханоўскага!

— Тры дні запар, з 29 да 31 траўня, у нас у Пакалюбічах будуць вялікія пікеты на полі. Пікеты будуць у стылі "агратурызм": дыскатэчная сцэна, музыка, каровы, трактары, палаткі, — дзеліцца Юрый сваімі планамі з Еўрарадыё. — Таксама я буду запрашаць на свой пікет ініцыятыўную групу спарынг-партнёра — Аляксандра Лукашэнкі. Зараз мы рыхтуем пасадачную пляцоўку для верталёта, 50 на 50 метраў. Будзем запрашаць яго з ініцыятыўнай групай на дэбаты.

“Откуда нефть качать, я пока не знаю”. Кандидаты в тени — кто они?
Юрый у любой сітуацыі заўсёды на кані — жывым або жалезным / vk.com

У ініцыятыўнай групе ў Юрыя Ганцэвіча на дадзены момант 170 чалавек. 100 тысяч подпісаў ён плануе сабраць сам — маўляў, калі збіраўся ў дэпутаты, лёгка сабраў 1400 галасоў. Перадвыбарчую праграму агучваць пакуль не стаў, але ключавыя моманты пазначыў:

— Што б я хацеў змяніць у краіне? У першую чаргу, стварыць незалежныя народныя суды. Ушчыльную падысці да пытання падтрымкі агратурызму, малога і сярэдняга бізнесу, але не так, як гэта цяпер напісана на паперы, а каб усё гэта сапраўды працавала. Вызваліць настаўнікаў ад неўласцівых ім функцый, каб займаліся вучэбнай працай, а не зборам подпісаў па кварталах.

Нашай краіне трэба развіваць малы і сярэдні бізнэс, — лічыць Юры. — Адкуль нафту пампаваць, я пакуль не ведаю. Але трэба змяніць некаторыя законы, звязаныя з аховай прыроды. Як толькі пачынаеш рабіць бізнес, збіраеш усе неабходныя дакументы, укладваеш грошы, а потым прыходзіць ахова прыроды і кажа, што нельга пасвіць кароў на лузе, паколькі гэта прыродаахоўная зона. Трэба, каб кожны фермер быў упэўнены ў тым, што з-за якой-небудзь памылкі ў бухгалтэрыі дзяржава не зможа гэты бізнэс у яго адабраць.


Стратэгія вядзення знешняй палітыкі бачыцца Юрыю адназначнай: не ўступаць ні ў якія саюзы і з усімі сябраваць.


— Трэба заставацца незалежнай Рэспублікай Беларусь. І з Расіяй, і з Захадам мы можам сябраваць. Далучацца ні да каго сэнсу не бачу.

Да нядаўняга часу Юрый актыўна дапамагаў у прасоўванні кандыдатуры Сяргея Ціханоўскага, блогера і стваральніка канала "Краіна для жыцця" ў "Тэлеграме". Але штосьці пайшло не так.

“Откуда нефть качать, я пока не знаю”. Кандидаты в тени — кто они?
Ганцэвіч і Ціханоўскі: сябры больш не сябры?

— Яшчэ тыдзень таму мог бы аддаць свае галасы за Сяргея Ціханоўскага, але меркаванне маё памянялася. На дадзены момант я лічу яго сваім сябрам, але ён мяне сваім сябрам не лічыць. Чаму? Гэтае пытанне вы лепш задайце яму, — адказвае Юрый. — Я падаваў дакументы дзеля яго, таму што ён знаходзіўся ў следчым ізалятары. Я паспрабаваў як сябар выратаваць яго, падаў дакументы. Цяпер Ціханоўскі хоча далучыць мяне да Статкевіча, а я гэтага не хачу. Я застаюся самім сабой.


Усяго на сённяшні дзень зарэгістравана 15 ініцыятыўных груп. Кожнай з іх для вылучэння сваіх кандыдатаў трэба набраць не менш за 100 тысяч подпісаў да 19 чэрвеня 2020 года. На сённяшні дзень найбольшую цікавасць у выбаршчыкаў выклікаюць кандыдатуры Валерыя Цапкалы, Віктара Бабарыкі, Святланы Ціханоўскай — прыхільнікі яе мужа масава падпісваюцца супраць Лукашэнкі. Вядома, што Ціханоўскі заклікае да байкоту выбараў.

Чтобы следить за важными новостями, подпишитесь на канал Еврорадио в Telegram.

Мы каждый день публикуем видео о жизни в Беларуси на Youtube-канале. Подписаться можно здесь.